Бры́жы ’рабізна на вадзе’ (палес., Клім.). Укр. бри́жі ’тс’. Метафарычнае ўжыванне слова брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.), якое дало шмат семантычных вытворных. Параўн. брыжы́2.

Брыжы́1 ’жабо, бардзюр; зубчаты ніз жаночай адзежы, карункі і г. д.’; ’край тканіны’; таксама брыж (БРС, КЭС, лаг., Бяльк., Бір. Дзярж., Касп.), бры́жыкі (Гарэц., Жд., Нас.). Рус. бры́жы́, укр. бри́жі́ ’тс’. Запазычанне з польск. bryże ’тс’ (а гэта з ням. Fries ’фрыз’; Брукнер, 43; Праабражэнскі, 1, 47). Мацэнаўэр (Cizí sl., 121) выводзіць з ням. Breis(e) ’аздабленне на рукаве’. Гл. Фасмер, 1, 221–222.

Брыжы́2 ’свіны кішэчны тлушч’ (Вешт.). Укр. бри́жі ’аборачкі каля тонкіх кішак’. Усё да брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.); метафарызацыя. Ва ўкр. мове першая ступень метафары. Палес. брыжы́ ’свіны кішэчны тлушч’ — далейшае развіццё семантыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)