Вярста́льшчык (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы. Да вярста́ць (гл.). Сюды ж вярста́льшчыца.
Вярста́т ’ткацкі станок’ (Шат., Інстр. II, Уладз.); ’варштат, сталярны станок’ (Сцяшк.), ст.-бел. верстатъ, варстатъ, ворстатъ ’майстэрня, варштат’ (1582 г.). Запазычана са ст.-польск. warsztat < ням. Werkstatt ’майстэрня, месца працы’ (Гараеў, 1896, 67; Праабражэнскі, 1, 76; Фасмер, 1, 300; Брукнер, 603; Шанскі, 1, В, 64; Булыка, Запазыч., 56).
Вярста́ць 1 стаўб. ’ткацкі станок’, карэліц. ’варштат’ (З нар. сл.), палес. вэрста́тʼ, вэрста́цʼ (Уладз.), укр. палес. верста́ть ’ткацкі станок’. Да варста́т (гл.). Канцавое ‑ць‑ — вынік другаснага змякчэння (Карскі, 1, 350), магчыма, пад уплывам слова з той жа семантычнай групы стацівы ’бакавая частка красён’. Параўн. таксама ст.-рус. верстать ’сталярны варштат’ (1686 г.).
Вярста́ць 2 (паліграф.) ’размяшчаць набор паводле старонак’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе верста́ть ’тс’ узнікла лексіка-семантычным шляхам на базе дзеяслова верстать ’выраўноўваць’ (Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64); параўн. верстать: сіб. ’размяркоўваць’, вяц. ’дзяліць раллю’, алан., кастр. ’выраўноўваць’, валаг. ’абрэзваць, выраўноўваючы’; ’ставіць (салдат) у адзін рад’, ст.-рус. верстати ’размяркоўваць, уключаць, ахопліваць падаткамі’; ’выраўноўваць’; ’вызначаць на службу’ (1577 г.), якія ўтвораны ад верста (гл. вярста́) і суф. ‑ати. Сюды ж вярста́цца, вярста́тка (БРС, КТС).
Вярта́льны ’вярчальны’ (КТС). Новаўтварэнне ад вяртаць (гл.) і суф. ‑альн‑ы, які звычайна далучаецца да асноў запазычаных назоўнікаў (Бел. гр., 1, 216–217).
Вяртахла́ ’неўраўнаважаная, легкадумная жанчына’ (дзярж., Нар. сл.) утворана, відавочна, ад *вяртуха́ць (гл.) і экспрэсіўнага суф. ‑л‑а, які ўтварае назоўнікі, што абазначаюць асоб паводле іх якасных прыкмет. Экспрэсіўнасць слова садзейнічала таму, што націск перайшоў на апошні склад, а гэта ў сваю чаргу — выпадзенню галоснай асновы перад суф. ‑л‑а (якая маецца, напрыклад, у словах: завадзіла, запявала, абдзірала і г. д.).
Вярта́цца ’варочацца, прыходзіць назад’ і вяртаць ’тс’; ’аддаваць назад’; ’кідаць, перакульваць, варочаць’ (БРС, КТС, Яруш., Бяс.). Укр. вертати ’варочаць, вяртацца, паварочваць, скідаць, звальваць’, рус. вертать: смал., наўг. ’аддаваць назад узятае, захопленае’, пенз. ’вяртаць каго-небудзь назад’, смал., наўг., паўд. вертаться ’вяртацца, варочацца назад’, польск. wracać się ’вяртацца’, wracać ’вяртацца; вяртаць’, н.-луж. wrośiś ’паварочваць’; ’скручваць, вярцець’; ’абарачацца’; в.-луж. wróćeć ’вяртаць, браць назад’, wróćeć so ’вяртацца’; ’адбівацца, адскокваць’, чэш. vraceti (se) ’мяняць кірунак, пасылаць назад’; ’вяртаць назад’; ’аддаць (нейкую рэч)’, славац. vracať ’мяняць у адваротны бок кірунак руху каго-небудзь’; ’прыводзіць да пачатковага стану’; ’аддаваць, вяртаць’, славен. vráčati ’вяртаць, варочаць’; ’аддаваць доўг’, vráčati se ’вяртацца’, серб.-харв. вр̏тати се ’вяртацца’, вра̏ћати ’вяртаць, аддаваць’; ’варочацца назад’, вра̏ћати се ’вяртацца’, балг. връщам ’аддаваць назад, вяртаць’; ’вяртацца’. Прасл. vьrtěti, vortiti. Прасл. vьrtati — фактатыў на ‑ati ад vьrtěti, vьrtjǫ (Скок, 3, 631). Да вярце́ць (гл.).
Вяртлі́вы ’вёрткі’ (Жд., 3), укр. вертливий, рус. вертлявый ’тс’, арханг. вертливый ’ненадзейны, нясталы, зменлівы’, ст.-рус. вертливый ’тс’ (з XIII ст.), славен. vrtljìv ’які абарачаецца’, серб.-харв. вр̀тљив ’тс’; ’жывы, рухомы’; ’ветраны, несур’ёзны’, макед. вртлив ’які абарачаецца, нясталы’, балг. врътлив ’тс’. Прасл. vьrt(ь)livъ < vьrtěti. Да вярцець (гл.).
Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр. вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр. верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус. вяц. вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус. вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус. мовы.
Вяртля́вы ’вёрткі’ (КТС), укр. вертлявий, рус. вертлявый ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьртьл‑ і суф. ‑ав‑ы. У бел. літар. мове, відаць, запазычанне з рус. мовы. Гл. таксама вяртлівы. Сюды ж вяртлявасць ’вёрткасць’ (КТС).
Вяртля́г ’вал (сена)’ (гом., Мат. Гом.). Вузкарэгіянальнае ўтварэнне ад вярцець (гл.). Суф. ‑ʼаг, магчыма, з прасл. ‑agъ (як krčagъ; гл. ЭИРЯ, 2, 39; Слаўскі, SP, 1, 65).