Вярста́ць1 стаўб. ’ткацкі станок’, карэліц. ’варштат’ (З нар. сл.), палес. вэрста́тʼ, вэрста́цʼ (Уладз.), укр. палес. верста́ть ’ткацкі станок’. Да варста́т (гл.). Канцавое ‑ць‑ — вынік другаснага змякчэння (Карскі, 1, 350), магчыма, пад уплывам слова з той жа семантычнай групы стацівы ’бакавая частка красён’. Параўн. таксама ст.-рус. верстать ’сталярны варштат’ (1686 г.).

Вярста́ць2 (паліграф.) ’размяшчаць набор паводле старонак’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе верста́ть ’тс’ узнікла лексіка-семантычным шляхам на базе дзеяслова верстать ’выраўноўваць’ (Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64); параўн. верстать: сіб. ’размяркоўваць’, вяц. ’дзяліць раллю’, алан., кастр. ’выраўноўваць’, валаг. ’абрэзваць, выраўноўваючы’; ’ставіць (салдат) у адзін рад’, ст.-рус. верстати ’размяркоўваць, уключаць, ахопліваць падаткамі’; ’выраўноўваць’; ’вызначаць на службу’ (1577 г.), якія ўтвораны ад верста (гл. вярста́) і суф. ‑ати. Сюды ж вярста́цца, вярста́тка (БРС, КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)