Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́чна1, то́чне ’дакладна, сапраўды’ (Ян.; калінк., З нар. сл.), то́чно ’дакладна’ (Вруб.), ’нібы, быццам, якраз’ (ТС). Укр. то́чно, рус. то́чно ’дакладна’ развіліся са стараж.-рус. прыметніка точьныи ’падобны, адпаведны’ < ст.-слав. тъчьнъ ’аднолькавы, падобны’, які ўзыходзіць да наз. точь ’кропка’ < прасл. *tъčь < *tъk‑jь ад *tъkti ’тыкаць’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 611). Формы на ‑не ўзніклі пад уплывам польскай мовы (параўн. dokładnie ’дакладна’, pewnie ’ўпэўнена’ і інш.). То́чна ’іменна’ ў вырабе так точна! (ТСБМ) узята з рускай вайсковай тэрміналогіі.

То́чна2 ’цягне на ваніты’, ’туга, нуда бярэ’ (Нас.), ’млосна, моташна, нудна’ (Тур.), то́чно ’сумна, журботна, тужліва’ (ваўк., Арх. Федар.), то́шна ’сумна, нудна’ (Касп.), ’цяжка’ (Жд. 1), ’моташна, млосна’ (Сл. ПЗБ), то́шно ’тс’ (Вруб.), то́скна ’тужліва, журботна’ (Ласт.), ст.-бел. то́шно ’тс’ (Альтбаўэр); тачнава́ць (то́чноваць) ’тужыць, нудзіцца’ (Нас.), ташнава́ць (тошнова́ць) ’тс’ (Нас., Рам. 8–9), ст.-бел. тошнити ’мець цягу, цягнуцца’, тошнитися ’станавіцца непрыемна’ (Сл. Скар.). Укр. то́шно ’цяжка, моташна’, рус. то́шно ’тс’, ’нудліва’, ’агідна, гідка’, ’млосна, прыкра’, польск. tęskno ’сумна’, ’тужліва, нудна’ (‑ę‑ мае другасны характар), teszny ’сумны, журботны’, tesznić ’сумаваць, тужыць’, ст.-польск. teskno, tesznie, teszno ’прыкра, непрыемна’, н.-луж. tešny, tešliwy ’баязлівы’, ’той, у каго сціскаецца сэрца ад жуды’, ’цяжкі, змрочны’, в.-луж. tešny, tyšny ’трывожны, смутны, баязлівы, журботны’, чэш. teskno ’сумна, тужліва’, славац. tesno ’тс’, cno (< *tskno) ’тс’. З прасл. дыял. *tъsknъ ’смутны, сумны, прыгнечаны’ (Борысь, 632) ці з *tъščьnъ (Фасмер, 4, 90), звязанага генетычна з прасл. *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне’, ’моташнасць, цяга да ванітаў’, ’млоснасць’, стараж.-рус. тъска ’цяжкая сітуацыя’, ’бура на моры’, ’гора, сум, непакой’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 612), гл. таска. Пераход ‑шн‑ у ‑чн‑ пры ад’ідэацыі звычайнай мены ‑чн‑ у ‑шн‑ у беларускіх і часткова рускіх гаворках.

То́чны ’топкі (пра сала, якое пры смажанні дае многа тлушчу)’ (Мат. Гом., Лекс. Бел. Палесся), ’тлусты (пра сала)’ (брагін., Нар. словатв.; ПСл), то́чная (сала) ’тлустае’ (рэч., лоеў., ЛА, 4), то́чнае ’тс’ (лельч., там жа). Да ток2, тачыць ’ліць, наліваць’ або да тук, тучны (гл.). Галосная асновы пад уплывам *tokъ < *tekti ’цячы’.

То́чыцца ’струменіцца’ (Ян.). Да тачыць (гл.), якое да прасл. *točiti sę ’ліцца, налівацца’, ’вылівацца па кроплі’ — каўзатыва ад *tekti ’цячы’.

То́чыць, зато́чыла ’карціць, закарцела’, ’няма цярпення’ (Нас.). Да тачыць1 (гл.), якое да прасл. *točiti ’круціць, вярцець’.

То́чышча ’ток’ (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), ’гумнішча’ (віл., ЛА, 4), тачы́шча ’тс’ (гарад., ЛА, 4). Да ток2, гл.

То́шна. Гл. точна2.

То́шчо1 ’і да таго падобнае’: овады да тошчо нападае (ТС). З укр. то́що ’тс’ — сцягненая форма выразу са значэннем ’тое, што і…’, гл. той, шчо.

То́шчы ’худы, слабы, шчуплы’ (Гарэц.), ’худы, сухі з выгляду’ (ТС), ’худы, галодны’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ’пусты, нежылы, парожні, незаняты’ (Сцяшк., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; паст., гродз., ЛА, 5; віл., маст., воран., ЛА, 4), то́шчэ ’нятлусты (пра мяса), худы, любовы’ (паўн.-усх., лун., ЛА, 4), то́шча ’схуднелая жывёла з упалымі бакамі’ (паўн.-усх.-бел., брэсц., ЛА, 1), то́шчшы (то́щший) ’худзейшы, змарнелы’ (Нас.), сюды ж то́шчо ’нашча’ (слонім., Арх. Федар.), ст.-бел. тощъ ’пусты, парожні’ (Альтбаўэр): на тоща срдце (XVI ст., Карскі 1, 20). Параўн. укр. то́щий ’пусты’, на тще серце ’нашча’, рус. то́щий ’худы’, ’парожні ўсярэдзіне’, стараж.-рус. тъщь ’тс’, ст.-польск. tszczy, czczy ’пусты, дарэмны’, польск. czczy ’парожні’, ’галодны’, ’худы’, в.-луж. nać (nač) wutroby ’нашча’, ст.-чэш. tští ’пусты’, na tščútrobu ’нашча’; славен. tȅšč ’пусты, галодны’, na teščè ’нашча’, дыял. tȃšč ’парожні’, серб. та̏шт, харв. чак. tȁšć, серб. на̏ште са̑рца ’нашча’, ст.-слав. тъщь ’парожні, пусты; марны, дарэмны’, сюды ж адносяць таксама балг. ще́та ’шкода, згуба’ (Куркіна, Этимология–1978, 40). Прасл. *tъščь ’парожні’ < і.-е. *tus‑skʼ‑i̯o, параўн. літ. tùščias ’тс’, лат. tukšs ’тс’, ’нежанаты’, ’бедны’, ст.-інд. tucchyá‑ ’пусты, мізэрны, нязначны’ < ’запушчаны’, іран. *tući̯a‑, перс. tuhīg, новаперс. tuhī ’пусты’, пушту taš ’тс’, бялудж. tusag, vusaɣ ’заканчвацца, спустошвацца’, авест. taoš ’пусты’, а таксама лац. tesqua ’глуш, пустэча’, ’бясплодны, неўрадлівы стэп’ < *tu̯esquã (Сной у Бязлай, 3, 176; Вальдэ, 625; Фасмер, 4, 90–91; Брукнер, 74; Скок, 3, 446; Чарных, 2, 254–255; Куркіна, ОЛА, Исследов., 1982, 285; ЕСУМ, 5, 612).

То́ючыся, то́ючысь ’рабіць што-небудзь таемна’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Да таі́цца (гл.). Аб мене а > о гл. Карскі 1, 94–102.

То́я ’рагулькі палявыя, Delphinum consolida L.’ (ТС, ПСл), ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (лельч., Бейл.), ’сон, дрымотна, Pulsatilla pratensis Mill.’ (там жа), ’падтыннік, Chelidonium majus L.’ (там жа), то́я садо́ва ’рагулькі высокія, Delphium elatum’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. то́я, то́ядь ’боцікі, Aconitum napellus L.’, тоя польо́ва ’крывяна-чырвоная герань, Geranium sanguineum L.’, ту́я, нето́я, чорното́я ’тс’, то́я лісна́ ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’, польск. дыял. toja ’боцікі’, tojad ’тс’, tojeść ’лазаніца, Lysimachia nummularia L.’, ст.-польск. toje, matki boże toje, tojeść, matki boże(j) tojeść, matki boży tojeść ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’. Арэальнае ўтварэнне з не да канца высветленай этымалогіяй (Пастусяк, Pogranicze, 320–322). Брукнер (572) у якасці зыходнай формы для польскай мовы лічыць tojeść, tojest, to je (літаральна ’гэта ёсць’) як табуізаваную назву для атрутных і проціатрутных раслін. Дзендзяліўскі (SFPS, 12, 195) тлумачыць украінскую форму з суф. ‑ядь як вытворную ад то́я, якая азначала спачатку ’зараснік тоі’, а то́я ён выводзіць як адваротнае ўтварэнне ад нето́я, табуізаванай назвы з семантыкай ’гэта не ёсць расліна, што мае звышнатуральную моц’, параўн. таксама ЕСУМ, 5, 612. Будзішэўска (JP, 1974, 4, 174) мяркуе пра нямецкае паходжанне назвы ад das ist ’гэта ёсць’, магчыма, нейкім чынам пераробленае з ням. Dost ’мацердушка, Origanum L.’, што няпэўна.