То́чна1, то́чне ’дакладна, сапраўды’ (Ян.; калінк., З нар. сл.), то́чно ’дакладна’ (Вруб.), ’нібы, быццам, якраз’ (ТС). Укр. то́чно, рус. то́чно ’дакладна’ развіліся са стараж.-рус. прыметніка точьныи ’падобны, адпаведны’ < ст.-слав. тъчьнъ ’аднолькавы, падобны’, які ўзыходзіць да наз. точь ’кропка’ < прасл. *tъčь < *tъk‑jь ад *tъkti ’тыкаць’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 611). Формы на ‑не ўзніклі пад уплывам польскай мовы (параўн. dokładnie ’дакладна’, pewnie ’ўпэўнена’ і інш.). То́чна ’іменна’ ў вырабе так точна! (ТСБМ) узята з рускай вайсковай тэрміналогіі.

То́чна2 ’цягне на ваніты’, ’туга, нуда бярэ’ (Нас.), ’млосна, моташна, нудна’ (Тур.), то́чно ’сумна, журботна, тужліва’ (ваўк., Арх. Федар.), то́шна ’сумна, нудна’ (Касп.), ’цяжка’ (Жд. 1), ’моташна, млосна’ (Сл. ПЗБ), то́шно ’тс’ (Вруб.), то́скна ’тужліва, журботна’ (Ласт.), ст.-бел. то́шно ’тс’ (Альтбаўэр); тачнава́ць (то́чноваць) ’тужыць, нудзіцца’ (Нас.), ташнава́ць (тошнова́ць) ’тс’ (Нас., Рам. 8–9), ст.-бел. тошнити ’мець цягу, цягнуцца’, тошнитися ’станавіцца непрыемна’ (Сл. Скар.). Укр. то́шно ’цяжка, моташна’, рус. то́шно ’тс’, ’нудліва’, ’агідна, гідка’, ’млосна, прыкра’, польск. tęskno ’сумна’, ’тужліва, нудна’ (‑ę‑ мае другасны характар), teszny ’сумны, журботны’, tesznić ’сумаваць, тужыць’, ст.-польск. teskno, tesznie, teszno ’прыкра, непрыемна’, н.-луж. tešny, tešliwy ’баязлівы’, ’той, у каго сціскаецца сэрца ад жуды’, ’цяжкі, змрочны’, в.-луж. tešny, tyšny ’трывожны, смутны, баязлівы, журботны’, чэш. teskno ’сумна, тужліва’, славац. tesno ’тс’, cno (< *tskno) ’тс’. З прасл. дыял. *tъsknъ ’смутны, сумны, прыгнечаны’ (Борысь, 632) ці з *tъščьnъ (Фасмер, 4, 90), звязанага генетычна з прасл. *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне’, ’моташнасць, цяга да ванітаў’, ’млоснасць’, стараж.-рус. тъска ’цяжкая сітуацыя’, ’бура на моры’, ’гора, сум, непакой’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 612), гл. таска. Пераход ‑шн‑ у ‑чн‑ пры ад’ідэацыі звычайнай мены ‑чн‑ у ‑шн‑ у беларускіх і часткова рускіх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)