Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэза́чка ’дызентэрыя’ (ПСл, Сл. Эп.-Шып., ТС), ’боль у жываце’ (Арх. Федар.), ’ліха, халера’ (Нар. словатв.). Гл. разачка.

Рэ́звы, рі́звый ’хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), рэ́зву ’бойкі, смелы’ (ТС). Укр. різвий, рус. резвый, польск. rzeźwy. Прасл. дыял. *rězvъ ’рэзкі, энергічны’, несумніўна, звязана з *rězati (гл. рэзаць); у аснове, магчыма, больш ранні прыметнік *rězъ ’рэзкі’, роднасны літ. raižús ’рэзкі’; наяўнасць ‑vъ звязана з прыналежнасцю прыметніка да асновы на ‑ŭ‑ (Борысь, 534–535).

Рэ́згіны ’прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рэ́дзгіні (З нар. сл., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ), рэ́звіны (Нас., Юрч., Ян.), рэ́згіні (Сцяшк. МГ), рэ́зьвіны (Бяльк., Нар. сл., Сл. ПЗБ, Янк. Мат.), рэ́зкі (Шатал.), рэ́зьгіны (Касп., Шат., Янк. Мат.), рэ́зіні, рэ́зьбіны, ре́звілі, рэ́звы, рэцькавіны, рэ́ськіны, рэ́цкліны, рэ́цкі (ДАБМ, камет. 826), рэ́згінь (Маш.), разгі́ны (Сл. ПЗБ), рэзгіны ’воз з шырокімі драбінамі для перавозкі сена, саломы’ (Сл. ПЗБ), ’вязанка’ (Яруш. 45). Сюды ж рэ́згіна ’ануча’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). З літ. rêzginės ’тс’ ад rèzgti ’плесці’ (Фасмер, 3, 461; Лаўчутэ, Балтизмы, 22).

Рэзеда́ ’Reseda L.’ (Кіс. 110; ТСБМ). З рус. резеда ’тс’ < франц. réséda < лац. resēda, якое ўзводзяць да лац. resēdāre ’лячыць’ (Фасмер, 3, 462).

Рэзе́рв ’запас чаго-небудзь’ (ТСБМ). З рус. резерв ’тс’ < франц. réserve ’тс’ (Фасмер, 3, 462).

Рэзе́рва ’паласа адчужэння каля чыгункі, шашы’ (Яшк.). З польск. rezerwa < ням. Reserve ’запас, рэзерв’ (Фасмер, 3, 462; Рэйзак, 540).

Рэзідэ́нт ’дыпламатычны прадстаўнік; грамадзянін якой-небудзь краіны, які пастаянна пражывае ў замежнай дзяржаве; тайны прадстаўнік разведкі, які дзейнічае на тэрыторыі іншай дзяржавы’ (ТСБМ). Паўторнае запазыч. з рус. резидент ’тс’. Ст.-бел. резыдентъ ’упаўнаважаны прадстаўнік’ < ст.-польск. rezydent < лац. residēns, ‑ntis (Булыка, Лекс. запазыч., 24).

Рэзідэ́нцыя ’месца, дзе пастаянна знаходзіцца ўрад, або асобы, якія займаюць высокія адміністрацыйныя пасады’ (ТСБМ). Ст.-бел. резыденцыя ’месца пастаяннага знаходжання прадстаўніка ўлады’ < ст.-польск. rezydencyja < с.-вяк.-лац. residentia (Булыка, Лекс. запазыч., 33).

Рэ́зка ’сечка’ (Мат. Гом.), ’сечка; сячкарня’ (докш., воран., Сл. ПЗБ), рэ́ска, рэзь ’сечка’ (ЛА, 2), рэ́ска ’тс’ (З нар. сл., Нар. сл., Янк. Мат.), рэ́зка ’палоска (поля); загон’ (Мат. Гом.; раг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., ТС, Яшк.), рэ́зы ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ), рэ́ска ’тс’ (ЛА, 3), ’адрэзаная галінка’ (пін., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. в.-луж. režanc ’флянец’, славацк. rezok ’тс’, літ. rãžas ’сухі прут’. Ад рэзаць (гл.).

Рэ́зкі1 ’рэзкі, востры; шурпаты, з вострымі гранямі; жорсткі; ядраны, халодны; дзёрзкі’ (ТСБМ, ТС), ’калючы; вельмі кіслы’ (воран., калінк., Сл. ПЗБ), ’прарэзлівы’ (Ян.). Укр. рі́зкий ’рэзкі’, рус. резкий ’тс’, польск. rześki ’жвавы, рэзкі’, чэш. дыял. rezký ’жвавы, бадзёры’, серб. і харв. ре̏зак ’востры, кіслы’, балг. рязък ’рэзкі’. Прасл. *rězъkъ < *rězati (гл. рэзаць). Параўн. яшчэ семантыку укр. рву́чкий, рву́чий ’рэзкі, хуткі’ ад рвати ’рваць’.

Рэ́зкі2 ’вілы для пераноскі саломы’ (Сл. Брэс.). Ад рэзаць (гл.), параўн. драпакі́ ’вілы для гною’ (Сл. Брэс.) ад драпаць. Але нельга выключыць уплыў рэзгіны (гл.) ’прылада для пераноскі саломы’.