Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Круты́ 1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты 2 і круты 3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́ 2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты 3.

Круты́ 3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты 1).

Круты́ 4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты 3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Крух ’глыба, камяк зямлі’ (Яшк.). Рус. крух ’тс’, балг. крух ’тс’, ст.-слав. оукроухъ ’кавалак, грудка’, польск. kruch, чэш. kruch, славац. kruch ’тс’. Прасл. kruxъ ’кавал, груда’ генетычна звязана з krušiti (Слаўскі, 3, 165). Гл. крыха.

Круха́ 1 ’крушына’ (Жыв. сл.). Гл. крушына.

Круха́ 2 ’хлебны квас’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. крухі 2 (гл.). Параўн. серб.-харв. кру̏х ’хлеб’, славен. krùh ’тс’, чэш. krušec ’каравай хлеба’. Аб магчымасці рэканструкцыі для праславянскай мовы першаснага значэння kruxъ ’хлеб’ гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 87–88.

Кру́хаць ’рохкаць’ (Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гукапераймальнае.

Кру́хі 1 ’мясны суп з рошчынай’ (Шатал.). Гл. крухі 2.

Кру́хі 2 ’кісла-салодкі напітак’ (Шатал.). Гл. круха 2.

Крухма́л ’белы парашок, які атрымліваецца з некаторых раслін’ (ТСБМ, Касп., Шат.). Запазычанне праз польск. krochmal з ням. Kraftmehl (Слаўскі, 3, 144). Бел. крухмал пад уплывам крух (гл.).

Крухтаві́нне ’жабурынне’ (Бяльк.). Да кракавіна (гл.).

Круце́ль ’хітрун, махляр’ (ТСБМ, КЭС, лаг., Яруш., Касп.), ’непаседа’ (Нар. словатв.). Да круціць 2 (гл.).

Круцёлка 1 ’крутарэлі’ (Нар. словатв., Некр., ТС). Да круціць 1 (гл.).

Круцёлка 2 ’легкадумная жанчына’ (Жд. 2, Бяльк., Ян.). Да круціцца, круціць 2 (гл.).

Круцёлка 3 ’народны танец’ (Федар. VII, Мат. Гом.). Да круціць 1 (гл.).

Круці́лка калаўрот на лёдзе’ (З нар. сл.). Гл. круцёлках і крутарэлі.