Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Круг 1 ’частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.). Укр. круг, рус. круг, ст.-рус. кругъ ’тс’, ст.-слав. крѫгъ, балг. кръг, макед. круг, серб.-харв. кру̑г, славен. krọ̑g ’тс’, польск. krąg, чэш. kruh, славац. kruh, в.-луж. kruh ’тс’. Прасл. krǫgъ у якасці бліжэйшых паралелей мае германскія лексемы: ст.-ісл. hringr ’персцень, круг, кола’, ст.-в.-ням. hring ’тс’. Менш надзейным з’яўляецца ўмбр. cringatu ’пас’ (Бернекер, 1, 626; Покарны, 936).

Круг 2 ’поўная фаза месяца’ (Бяльк.). Гл. круг 1.

Круг 3 ’вір, месца ў рэчцы, дзе віруе вада’ (Мат. Гом., Янк. III). Гл. круг 1.

Круг 4 ’збан’ (Касп.). Запазычанне праз ням. Krug ’тс’.

Круг 5 ’лішай’ (Нас., Сцяшк., Мат. Гом.). Магчыма, да крух (гл.).

Круг 6 ’гульня хлопцаў са снегам (качалі снежныя кругі і пускалі з гары)’ (Нар. словатв.). Гл. круг 1.

Круг 7 ’поўны камплект колаў для воза’ (Нар. лекс., Сцяшк., Касп.). Гл. круг 1.

Круг 8 ’багністае балота, якое зарасло альхой’ (ТС, Яшк.). Гл. круг 5.

Круг 9 ’наўкола’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. круг 1.

Круга́ ’вір’ (Яшк.). Гл. круг 3.

Круга́ ’вакол’ (Янк. Мат., Сцяц. Нар.). Гл. круг 1. Фармальная структура няясная.

Круга́н ’чыстае сухое месца сярод лесу, звычайна пясчанае, пясчаны ўзгорак’ (Яшк.), ’куча, гурба’ (Сцяшк. Сл.). Гл. курган.

Кругіта́ць ’вішчаць (пра парасят)’ (Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Не выключана кантамінацыя кігаць (гл.), кігікаць (гл.) і круг з.

Круглец 1 ’асака са сцяблом круглай формы’ (Жыв. сл., Сл. паўн.-зах.). Да круглы (гл.).

Круглец 2 ’сіт, Juncus L.’ (Касп.). Гл. круглец 1.

Кру́глік ’ялец’ (Крыв.). Вытлумачыць гэту назву цяжка. Магчыма, гэта звязана з формай галавы. Параўн. назвы для яльца головень‑елец (Каламіец, Рыбы, 21).

Кру́гліца ’хлеў для авечак’ (Яшк., Сцяшк. Сл.), ’гаспадарчая пабудова квадратнай формы’ (Нар. словатв.). Да круглы (гл.).

Кру́глы ’круглы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сержп. Ск., Ян.). Укр. круглий, рус. круглый ’тс’, балг. кръгъл, серб.-харв. о̀кругао, славен. krógəl, польск. okrągły, чэш. okrouhlý; прасл. krǫglъ утворана ад krǫgъ пры дапамозе суфікса прыметнікаў ‑lъ (Мейе, Общеслав., 282).

Кругль ’фундамент’ (Жд. 3). Назва ў адпаведнасці з формай. У радзе гаворак прыметнік круглы мае таксама значэнне ’квадратны’.

Кругля́к 1 ’кароткае тоўстае палена круглай формы’ (ТСБМ, П. С., Хар., Сцяшк., Янк. III, Шушк., В. В., Шат., Сл. паўн.-зах.). Гл. круглы.

Кругля́к 2 ’махавое балота з вадой’ (Яшк.). Гл. круг 8.