Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Карка́с ’касцяк’ < рус. каркас < франц. carcasse ’касцяк’ (Фасмер, 2, 200).

Ка́ркаць (пра крык варон), укр. каркати, рус. каркать ’тс’. Іншаславянскія паралелі маюць іншую фанетычную структуру і шэраг іншых значэнняў, якія суадносяцца толькі як гукапераймальныя: чэш. krkáti ’адрываць’, славац. kŕkať ’квакаць’, польск. karkać ’кудахтаць’, серб.-харв. kŕkati ’хлябтаць’, славен. kȓkati ’гудзець’ (аб пчолах). Агульная форма гэтых заходне- і паўднёваславянскіх слоў: kъrkati. Маюць бліжэйшую паралель у літ. kūrkti ’квакаць’. Што датычыцца ўсходнеславянскіх паралелей, то для іх нельга дакладна рэканструяваць архетып. Мы дапускаем karkati, якое цяжка суаднесці з kъrkati, з аднаго боку, і з літ. kar̃kti ’кудахтаць’, з другога; у якасці паралелі да апошняй літоўскай формы мы б чакалі бел. *карокаць і ўсх.-слав. паралелі з поўнагалоссем (Слаўскі, 2, 78).

Ка́ркі ’павозка’ (Жд. 3), ’малыя санкі’ (Шат.). Запазычанне з ням. Karch ’павозка’, с.-в.-ням. karech ’двуколка’, таму Pluralia tantum. Магчыма, таксама ўплыў бел. калёсы для назвы павозкі.

Каркуля́тны ’ашчадны’ (КЭС, лаг.), да каракуль (гл.), з суфіксацыяй на ‑агны (‑ai‑ьnъ).

Карку́шкі. У выразе «несці на каркушках — несці за плячамі» (Нар. сл.), да карк (гл.).

Каркю́шкі ’кавалак бервяна’ (Крачк.). Мабыць, недакладная дэфініцыя: слова мае форму Pluralia tantum і эліест, які не адлюстроўвае гэту множнасць. Хутчэй за ўсё насілкі, г. зн. парныя палкі, якія кладуцца па плечы тых, хто нясе. Параўн. укр. коркиші ’плечы’.

Карма́1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма2 і карма3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Карма́г ’абломак нажа’ (Грыг.). Відаць, трэба чытаць карман (гл.). якое ад карнай ’нож з кароткім зламаным лязом’ (гл.).

Кармазы́н ’тонкае сукно пунсовага колеру’ (Нас., Мядзв., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц.), укр. кармазин, рус. кармазин. Праз польск. karmazyn з італ. carmesino (Булыка, Запазыч., 141; Фасмер, 2, 201).

Карма́ч ’складаны нож’ (Касп.). Гл. карпач.