Карма́1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма2 і карма3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)