Ка́ркаць (пра крык варон), укр. каркати, рус. каркать ’тс’. Іншаславянскія паралелі маюць іншую фанетычную структуру і шэраг іншых значэнняў, якія суадносяцца толькі як гукапераймальныя: чэш. krkáti ’адрываць’, славац. kŕkať ’квакаць’, польск. karkać ’кудахтаць’, серб.-харв. kŕkati ’хлябтаць’, славен. kȓkati ’гудзець’ (аб пчолах). Агульная форма гэтых заходне- і паўднёваславянскіх слоў: kъrkati. Маюць бліжэйшую паралель у літ. kūrkti ’квакаць’. Што датычыцца ўсходнеславянскіх паралелей, то для іх нельга дакладна рэканструяваць архетып. Мы дапускаем karkati, якое цяжка суаднесці з kъrkati, з аднаго боку, і з літ. kar̃kti ’кудахтаць’, з другога; у якасці паралелі да апошняй літоўскай формы мы б чакалі бел. *карокаць і ўсх.-слав. паралелі з поўнагалоссем (Слаўскі, 2, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)