Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ра́сны1 ’ураджайны’ (браг., З нар. сл.; жытк., ЖНС), ’урадлівы, пышны, разгалісты’ (ПСл), ’кусцісты; пышны’ (Мат. Гом.), ’буйны, ураджайны; пышны, густы’ (Ян.). Магчыма, сюды ж ро́сны ’урадлівы, ураджайны’: росные яблокі (ТС). Параўн. укр. рясни́й ’густы, пышны, ураджайны (пра плады)’, рус. дыял. ря́сный ’буйны, урадлівы, вялікі памерам’: рясная вишня, рясные звёзды, ресно́й ’густа пакрыты ягадай’, балг. дыял. рьо̂сан ’багаты, урадлівы’. Трэба думаць, форма ро́сны збліжала з роса́ ’раса’ (гл. раса́1), параўн. ро́сно ’росна’ (ТС), а ра́сны прадстаўляе форму з зацвярдзелым р‑ ад прасл. *ręs‑. Паводле Альшанскага (ЭИРЯ, 9, 139), у выніку зліцця суфікса ‑ьn(ъ) з *ręsa ’вісюлька’, параўн. ст.-слав. рѧсьнъ, што дало resьn‑yj ’густы’. Гл. Фасмер, 3, 474. Відавочна, звязана з раса́2 (гл.), што выводзіць значэнне ’ўрадлівы’ ад першаснага ’буйна квітнеючы’, ’маючы вялікую колькасць кветак, парасткаў’, ’густа абсыпаны квеццем’, з чым звязваліся спадзяванні на добры ўраджай. Гл. таксама расаваць.

Ра́сны2, ’пышны (пра спадніцу)’ (Мат. Гом.), ра́сный ’рознакаляровы’: пашый мне спадніцу, каб булі расныя брыжы (брагін., Шатал.), ря́сны ’густы, багаты, з мноствам складак’ (Растарг.), параўн. укр. ря́сний ’пра адзенне: з мноствам зборак; шырокі’. Да ра́сны1 (гл.).

Расо́вы ’рыжы’ (Сцяшк.), ’пародзісты’ (Скарбы). З польск. rasowy ’пародзісты’, што ад ра́са2 (гл.). Параўн. ра́савы (гл.).

Расо́л ’салёная вада для засолкі; вадкасць з салёных агуркоў, буракоў, капусты’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан.; Шат., Сл. ПЗБ, Ян.), росо́л ’тс’ (ПСл, ТС), ’расольнік’ (Ян.), расо́л ’страва з адвару’ (Варл.), ’кроў; вадкасць з носа’ (Нас.). Параўн. укр. росі́л ’від ежы’, рус. розсол, росо́л, россо́л ’тс’, польск. rosół, чэш. rosol ’студзень’, славац. rôsol ’тс’, славен. razsol ’сок з квашанай гародніны’, серб.-харв. ра́со̑л ’тс’, балг. разсо́л ’тс’. Утворана ад *roz‑sol‑, што ад *orz‑sol‑ з далейшай асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑ > *ros‑sol‑ > rosol‑ у значэнні ’вада, дзе рас- пусцілі соль’. Значэнне ’кроў’ хутчэй за ўсё пад уплывам ю́шка ’вадкае ў страве; кроў’. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 240), слова са значэннем ’страва’ запазычана ва ўсходнеславянскія мовы з польскай, параўн. аднак сцвярджэнне Конюш (ABSl, 29, 120): “tylko na Litwie ’zupa z mięsa z krupami’ nazywa się rosołem”.

Расо́ха ’дрэва з раздвоеным ствалом, развіліна’, ’два дрэвы з аднаго кораня’, ’спарыш’, ’дэталь у ткацкім станку’ (ТСБМ; калінк., люб., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’разгалінаванне дрэва; месца, дзе зліваюцца ці разыходзяцца дзве пратокі, рэчкі’, ’крываногае дзіця’, росо́ха, рассо́ха (ТС), ро́суха ’разгалінаванае дрэва’ (Сл. ПЗБ), расо́шка ’вілы, любы прадмет з рожкамі’ (ТС). Параўн. укр. розсо́ха ’вілкі’, ’ручкі ў сахі’, рус. рассо́ха ’тс’, рус. дыял. россо́ха ’тс’, разсоха ’разгалінаванне’, польск. rosocha ’саха’, в.-луж., н.-луж., чэш. rozsocha ’вілкі’, славац. rozsocha, razsocha ’тс’, серб.-ц.-слав. рассоха ’разгалінаванне’, славен. rázsoha ’вілы’, ’дрэва з абрубанымі сукамі’, razsohe ’вілы для сена’, серб.-харв. ра̏сохе ’вілкі’, балг. ра́зсоха ’развілістае дрэва; вілкі’. Утворана як *roz‑sox(a) з асіміляцыяй ‑z‑ і спрашчэннем групы ‑ss‑: *ros‑sox(a) > rosox(a). Сумніўна ўтварэнне непасрэдна ад саха́ < прасл. *soxa, з магчымым дыялектным націскам на першы склад, як звычайна ўказваецца (Фасмер, 3, 445; Махек₂, 521; Бязлай, 3, 160), паколькі саха, расоха, посах або ст.-слав. посоха, з аднаго боку, захоўваюць у сабе агульнае значэнне ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, з другога ж боку развіваюць значэнне канкрэтнай прылады. Напрыклад, саха азначае перад усім ’рала’, прылада для арання’, расоха — ’развілісты сук, галіна’ і ’вілкі’, посах — ’падпора, палка’. Імаверна, зыходнае значэнне для названых форм — ’палка, галіна з раздвоеным канцом’, параўн. літ. šakà ’тс’, лат. saka ’тс’, але і гэта значэнне другаснае да ’тое, што адсечана, расечана, разрэзана’. Прыставачныя формы назоўнікаў, верагодна, утварыліся самастойна, як аддзеяслоўныя, ці то назвы дзеяння ад блізкіх дзеяслоўных форм, што абапіраліся на і.-е. базу *sek‑ ’секчы, рассякаць, рэзаць’ (Брукнер, 506; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 1, 6). Далей *orz‑sekti > *orz‑soksa > *orz‑soxa. Параўн. ст.-в.-ням. seh ’нож, меч’. Гл. таксама расаха́ты, расахе́т, саха.

Распаго́дзіцца ’палепшыцца (пра надвор’е), праясніцца’ (Бяльк.; смарг., Сл. ПЗБ; Байк. і Некр.), роспого́дзіцца ’тс’ (ТС). Параўн. з супрацьлеглым значэннем рознегодзіцца ад нягода (гл.), паго́да ’яснае сонечнае надвор’е’, паго́длівы ’добры, ясны (пра надвор’е). Гл. год, паго́да.

Распада́цца ’разрывацца, выбівацца з сіл’ (лаг., Жд. 3); роспа́даны ’гнілы, сапсаваны (пра грыбы)’, роспа́сціса ’разарвацца’: душа роспадзецца, як старые запоюць (ТС). Сюды ж, магчыма, і рэдкае распа́дак ’глухое месца’: зблудзіў, зайшоў у нейкія распаткі (Сцяшк.), параўн. фармальна ідэнтычнае, але семантычнае далёкае рус. распа́док ’вузкая даліна ў гарах, лагчына’. Да па́даць (гл.), у тым ліку ад стомы. Параўн. роспадзень, роспаднік (гл.).

Распа́зіць ’разабраць, разняць, ускрыць’ (чавус., Ласт.), роспазова́ць ’разняць, рассячы ці распілаваць калоду ўдоўж’ (ТС). Да паз (гл.), параўн. рус. пск., асташ. распази́ть ’разабраць, распластаць (рыбу)’, смал. ’падзяліць на часткі, палавіны’, што, відаць, сведчыць аб агульнай усходнеславянскай дыялектнай інавацыі.

Распа́куляць ’раскалмаціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Параўн. па́кулле ’пакля’ (гл.), польск. зніж. pakuły мн. л. ’валасы’, літ. pãkulos, лат. pakulas ’тс’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 18–19) лічыць запазычаннем у літоўскія гаворкі з ням. Pakullas ’вяроўка з рэштак лёну’.

Распаласава́ць ’разрэзаць’ (Цых.), параўн. чэш. rozplasati (obuv) ’разарваць, разадраць’. Да паласа (гл.), паласаваць ’разрываць, разразаць на палоскі’.

Распало́г (рыспалог) ’растэрміноўка’ (Бяльк.). Ад распалажыць ’разнесці па часе’, што да лажыць, гл.