Раскаці́на ’адна з дзвюх крывых палак, якія надзяваюцца на заднюю вось у раскатах і пярэднімі канцамі звязваюцца на бервяне’ (Юрч.). Сінгулярызацыя пры дапамозе адпаведнага суфікса формы мн. л. раскаты (гл.).
Раска́ч ’трапкач, прыстасаванне з канцоў недатканага палатна, у якое ўвязвалі посуд з ядой’, ’ручнік (для посуду)’ (пін., ЛА, 4, 5). Дээтымалагізацыя ў выніку размоўнага сцяжэння формы раскарач (гл.). Паводле Непакупнага (Связи, 195), у выніку метатэзы балтызма скарач (гл.), што малаверагодна. Хутчэй да раскі ’завязкі ў фартуху’ (гл.).
*Раскаштро́біць ’растрапаць’, роскоштро́бъяны ’растрапаны (аб валасах)’ (Клім.). Да коштро́ба ’непрычасаны, непрычасаная’ (драг., Клімчук, вусн. паведамл.), якое, у сваю чаргу, звязана з каструбаваты (гл.) і пад. Змену зычнага ў корані слова (с → ш) трэба тлумачыць экспрэсіўным ужываннем. Параўн. раскатрубачыць (гл.).
Расква́кліваць ’размазваць’ (мсцісл., Юрч. Вытв.). Да незафіксаваных *ква́кліваць < *ква́кліць (// ква́чыць), вытворнага ад квач (гл.) з узнаўленнем у корані псеўдаэтымалагічнага ‑к‑, які лагічна спалучаецца з эпентытычным плаўным. Гл. таксама квэкаць ’абрабляць, пэцкаць’ (< квэцаць, гл. квецаць). Той жа корань, відаць, і ў квакаці́ць: гразь пад нагамі квакаціць (Варл.), гл. У апошнім выпадку ўсё зводзіцца да гукапераймання, параўн. квакаць, квактаць (гл.) і балг. ква́ча ’кудахтаць, выседжваць куранят’.
*Расква́ліць, росква́ліць ’разбіць, расквасіць’: роскваліў ему голову (ТС). Няясна, магчыма, звязана з кволы (гл.).
Расква́сіць 1 ’размягчыць, зрабіць мяккім, гразкім’ (ТСБМ, Мат. Гом.), росквасну́ць ’размокнуць ад залішняй вільгаці, стаць гразкім, размякнуць’, ро́сквась ’бездараж’ (ТС). Гл. ква́сіць.
Расква́сіць 2 ’разбіць; разбіць да крыві (нос, твар); рассячы’ (Нас., ТСБМ, Бяльк., Ян.): misku raskvasić (Варл.), расквасіў ён зьмею ўсе двананцаць галоў (Сержп. Казкі). Параўн. польск. rozkwasić разбіць, растаўчы, моцна параніць (да частак цела)’. Непасрэдна звязанае з расква́сіць 1 (гл.), у пераносным выкарыстанні значэння ’ўвільгатніць’ ці ’размякчыць’, ’размясіць (як цеста)’, значэнне ’рассячы’ вынікае з ’разбіць да крыві’. Паводле Запруднага (дыс., 34), значэнні ’выдзеліць кроў’ і ’выдзеліць кіслую вадкасць’ звязаны наўпрост. Малаверагодная версія пра семінарызм ад лац. quatiō, quassus ’разбіваю’, хаця Фасмер (3, 444) пасля Патабні звяртае ўвагу на рус. квас.
Расквахта́цца ’наракаць, прычытаць, прыгаворваць’ (ТСБМ, Бяльк.), расквакта́цца ’наракаць, стагнаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Растарг.). Гл. квахта́ць, квактаць,
Расквялі́ць, росквелі́ть ’раздражняць (рану)’, таксама з далейшым фанетычным развіццём кв‑ → цв‑: расцвялі́ць, расцве́ліць, расцвілі́ць, росцвілі́ць ’тс’ (мазыр., лельч., лях., петрык., валож., стол., ЛА, 3). Параўн. рус. расквели́ть — ’давесці дзіця да плачу’. Да квяліць, цвяліць (гл.), але прыведзеныя тут значэнні ’дражніць, крыўдзіць’ з’яўляюцца, як падаецца, другаснымі. Сюды ж раскве́ліць ’разжаліць’ (Сцяшк. Сл.).
Раске́ліна ’язва, рана’ (Ласт.). Хутчэй за ўсё, фанематычны варыянт раско́ліна ’шчыліна ад расколу’ (Бяльк.), аднак нельга выключыць сувязь з магчымым, але не зафіксаваным слоўнікамі *расшчы́ліна < шчы́ліна (гл.) пры захаванні вядомага гаворкам гістарычнага спалучэння ‑ск‑ (адносна фаналагічнай праблематыкі прабеларускага sk‑ перад ě гл. Векслер, Гіст., 91–92). Адзінкавая фіксацыя з вельмі спецыялізаванай семантыкай можа сведчыць у аднолькавай ступені як аб экспрэсіўным характары націскнога, так і на карысць штучнага ўтварэння. Параўн. наступнае слова.
Раске́п ’раскол, шчыліна’ (Нас., ТСБМ). Сюды ж раске́п, роске́п ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (ПСл, Лексика Пол.). Зыходнай формай лічыцца *расскеп, параўн. рус. дыял. расскеп ’тс’, што, паводле Фасмера (3, 445), ад скепать ’расшчапляць, калоць’. Ад раске́піць, гл.; паводле Карскага (1, 368), вядомае і ў старабеларускі перыяд, пры звычайным рашчэп (ращеп). Захаванне першасных спалучэнняў ске‑ (< прасл. *skoaip‑) Векслер (Гіст., 92) звязвае са старажытным падзелам славянскіх моў, параўн. макед. расцеп ’разлом, шчыліна ў скале’. Меркаванне пра запазычанасць гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 72.