Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нязго́дны ’непатрэбны, лішні; непрыгодны па стану здароўя, выбракаваны’ (Сл. ПЗБ). Да го́дны ’прыдатны, прыгодны’, з пачатковым комплексам няз‑ (< не + з), параўн. нязго́ршы, нязг̌арны і пад. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад зго́дны ’прыдатны для ўжывання’ (Нас.).

Нязго́ршы ’някепскі’ (Сцяц., Касп.), ’належны, добры’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж нязго́рш (нізгорш) ’нядрэнна’ (Сцяшк. Сл.; мін., Жыв. сл., Сл. ЦРБ). Да горш(ы), пачатковы комплекс няз‑ < не + з са спалучэння не з горшых ’не самы дрэнны’, параўн. тлумачэнне Каспяровіча ’не из худших’ (там жа). Магчыма, таксама непасрэднае ўтварэнне ад зго́ршыць ’разбэсціць, сапсаваць маральна’, зго́ршаны ’разбэшчаны’ (Нас.).

Нязгра́ба ’няўдалы чалавек’ (кап., Нар. словатв.), нязгрэ́ба ’няўдалы, няспрытны’ (Сцяшк.). Відаць, другаснае ўтварэнне ад нязгра́бны ’нястройны, няўклюдны’ (Касп., Бяльк.), ’неахайны; няўклюдны, нястройны; неасцярожны’ (Нас.), нязграбны ’непрыгожы’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты, непаваротлівы’ (ТС), ад зграбны ’стройны’ (гл.), што лічыцца паланізмам (ад grabic, Брукнер, 155); унутраная форма — ’прыгладжаны, прычасаны, ахайны’, параўн. згрэ́баць ’зграбаць’ (ТС). Параўн., аднак, серб.-харв. незграпно ’нязграбна’, што магло б паставіць пад сумненне названую этымалогію, параўн. несграбно ’нястройна, непрыемна, без усякага парадку’ (Мядз.). Сюды ж нязграбнік ’няўклюдны чалавек’ (Янк. 3.), незграбо́цё ’тс’ (Сцяшк. Сл.), незграбэ́йла (нізграбэйла) ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), паводле аўтараў слоўніка, з літ. nezgrabáila ’тс’, што можна прыняць толькі з улікам словаўтварэння.

Нязг̌ра́да (незг̌ра́да) ’няўмека, няўклюда’ (ТС), нязгрэ́да ’няўдаліца’ (клец., Нар. лекс.). Відаць, адваротны дэрыват ад незг̌ра́дны, незг̌рэ́дны ’нехлямежы, нязграбны’ — фанетычна змененае незг̌рабны? Магчыма, зыходная аснова захавалася ў беласт. zhrèjdać ’сапсаваць справу, зрабіць што-небудзь паспешна, абы-як’, якое Смулкова (Балт.-слав. иссл.–1980. М., 1981, 209) лічыць балтызмам.

Нязгра́я (незграя), нізграя ’няраха’ (Нас., Яруш.), ’неакуратны чалавек’ (Юрч.), незгрэя ’няўклюда; нязграба; нехлямяжы, непрыгожы чалавек’ (ТС). Відаць, адваротны дэрыват ад нязграйный (нізграйньш) ’нязграбны’ (Бяльк.), незграйны, незгрэйны ’нехлямяжы, нязграбны’ (ТС), што да зграйны ’зграбны’ (Бяльк.) < польск. zgrany ’дапасаваны’ (да grać ’іграць’), параўн. зграя (гл.). Гл. таксама нязгрида.

Нязда́ра (незда́ра) ’няздольны да працы; нязграбны’ (Цых., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’бяздарны’ (Яруш.). Да здарыцца ’удацца’ (Нас.), параўн. не́ўдаль ’няўдаліца’, нязда́тны ’няздольны’ і пад.

Нязі́пер ’званочак балонскі, Campanula bononiensis L.’ (Кіс.). Відаць, ад нізіпернік, нізіперніца ’гусялапка’ (гл.) па падабенству лекавых уласцівасцей.

Нязла́гада (нізлагада, незлагада) ’нязгода, сварка, неспакой’ (дзярж., Нар. сл., Мат. Гом.). Магчыма, кантамінацыя нязгода × лагода (гл.).

Нязмо́га ’бяссілле’ (Гарэц., Касп., Бяльк.), незмага́ (незмога́, нізмыга́) ’тс’ (Нас., Грыг., Бяльк.). Ад змо́га (гл.), змага́ ’сіла, магчымасць’ (Нас.).

Нязы́м (незым) выкл. ’не чапай, не руш; хай, няхай© злуй. ’дапусцім’ (Нас.). Параўн. рус. незым, незымай ’хай, няхай’, што ўказвае на зыходнае замать, бел. займаць ’рухаць’ (Нас.), гл. імаць.