Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дрозд ’дрозд’ (БРС, Касп., Сцяшк.). Рус. дрозд, укр. дрізд, польск. drozd, чэш. drozd, балг. дрозд і г. д. (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 126–127). Першапачатковая форма *trozdъ; параўн. ст.-прус. treste, літ. strãzdas, лац. turdus і г. д. Лічыцца словам гукапераймальнага характару. Гл. Фасмер, 1, 541; Трубачоў, там жа.

Дро́нак ’тоўстая палка, якой закрываюць у хляве выхад з дзвярэй; металічны вал, што злучае малатарню з прывадам’ (Сцяц.). Запазычанне (як і дронг ’жэрдка’, гл.) з польск. drąg ’жэрдка і г. д.’ Паколькі drąg вымаўляецца [dronk], то ‑к‑ успрымалася як суфіксальная частка; адсюль форма дро́нак.

Дронг ’жэрдка’ (Сцяшк.), дронг, дронк ’ручка, рубель, падгерац і да т. п.’ (Сл. паўн.-зах.), ’трайня’ (Шатал.). Запазычанне з польск. drąg ’тс’ (польск. слова вядома з XV ст. і адносіцца да прасл. сямейства слоў *drǫgъ: ст.-чэш. drouh, серб. дру̑г, ст.-сл. дрѫгъ і г. д.; гл. Слаўскі, 1, 162). Параўн. ст.-бел. дронжокъ ’металічны прут, жэрдка’ < польск. drążek (бел. слова з XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 102).

Дро́сень, дро́сель, дро́сінь ’драсён’. Гл. драсён.

Дрот ’дрот’ (БРС, Байк. і Некр., Сцяшк., Нас., Касп., Шат., Бяльк. і інш.). Ужо ў ст.-бел. дротъ ’тс’ (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. дріт, рус. дыял. дрот. Запазычанне з польск. drót, drut ’тс’ (а гэта з ням. Draht, с.-в.-ням. drât). Фасмер, 1, 542; Брукнер, 95; Кюнэ, Poln., 51; Бернекер, 1, 221; Слаўскі, 1, 170.

Дро́цік ’від зброі’ (БРС). Запазычанне з рус. дро́тик ’тс’ (у рус. мове слова вядома з 1682 г.). Паходжанне рус. слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з грэч. δόρυ ’кап’ё’. Іншыя шукаюць іранскую крыніцу; агляд версій у Фасмера, 1, 542. Трубачоў (Дополн., 1, 542) тлумачыць рус. слова з *гротик < грот ’дроцік’. Параўн. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 195.

Друг ’сябар’ (БРС, Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. дру́гі́. Прасл. *drugъ. Сюды адносяцца і *družina, *družьba, *družьnъjь, *družiti. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 1, 131–137.

Дру́гі́ ’другі, іншы’ (БРС, Нас., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. друго́й ’іншы’, ’другі’, укр. дру́гий і г. д. Падрабязны агляд форм ва ўсіх слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 131–132. Прасл. *drugъ, *drugъ(jь) лічыцца этымалагічна звязаным з друг ’сябар і да т. п.’ (прасл. *drugъ; агляд форм у Фасмера, 1, 543; Трубачова, там жа). Роднасныя формы: літ. draũgas ’прыяцель’, лат. dràugs ’тс’, ст.-ісл. draugr ’муж’ і г. д. Гл. Фасмер, там жа; Бернекер, 1, 230–231; Траўтман, 59; Трубачоў, там жа.

Дружалю́бны ’дружалюбны’ (БРС). Рус. дружелю́бный. Відавочнае запазычанне з рус. мовы (у бел. мове няма ў іншых крыніцах).

Дружба́нт ’сябар маладога ў час вяселля, шафер’ (Сцяц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Утварэнне ад *дру́жба ’шафер’ (параўн. польск. drużba ’тс’, чэш. družba ’тс’, укр. дру́жба ’тс’) суфіксам ‑ант, узятым з іншамоўных слоў з гэтым фармантам. Да суфіксацыі ў слове *družьba гл. Слаўскі, 1, 171. А ці не звязана з назвай гульні ў карты: польск. drużbant (< ням. Drosselbart ’барада дразда’ ў караля ў гэтай гульні; параўн. Брукнер, 99). Адсюль пры дысіміляцыі (r — r > r — n) магла ўзнікнуць назва дружба́нт. Аднак семантычная матывацыя тут застаецца няяснай.