Дружба́нт ’сябар маладога ў час вяселля, шафер’ (Сцяц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Утварэнне ад *дру́жба ’шафер’ (параўн. польск. drużba ’тс’, чэш. družba ’тс’, укр. дру́жба ’тс’) суфіксам ‑ант, узятым з іншамоўных слоў з гэтым фармантам. Да суфіксацыі ў слове *družьba гл. Слаўскі, 1, 171. А ці не звязана з назвай гульні ў карты: польск. drużbant (< ням. Drosselbart ’барада дразда’ ў караля ў гэтай гульні; параўн. Брукнер, 99). Адсюль пры дысіміляцыі (r — r > r — n) магла ўзнікнуць назва дружба́нт. Аднак семантычная матывацыя тут застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)