Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярту́ты мн. л. ’баранкі’ (петрык., Мат. Гом.), відавочна, пранікла з укр. мовы; параўн. укр. бук. верту́т, верту́та ’рулет, від пірага з макам, тварагом, павідлам’. Не выключана рэгіянальнае ўтварэнне ад вярце́ць (гл.). Суфікс ‑ут‑ мае экспрэсіўны характар, прынамсі, у бел. гаворках (Сцяцко, Афікс. наз., 70, 129).

Вярту́ха ’непаседа, жвавая жанчына’, укр. вертуха ’тс’, рус. верту́ха: пск., калуж. ’вяртуха (аб жанчыне, дзяўчыне)’, арханг. ’драсён павойны, Polygonum convolvulus L.’, пск. вертуха́ ’рыба, якая верціць хвастом’. Да вярце́ць (гл.). Утворана ад дзеяслоўнай асновы пры дапамозе экспрэсіўнага суфікса ‑ух‑а (< ‑uxa).

*Вяртуха́ць, віртуха́ць ’мільгаць’, віртуха́ньня ’мітусня’ (Яўс.). Да вярту́ха (гл.).

Вярту́шка ’прыстасаванне для вымярэння хуткасці і кірунку плыні ў рэках і азёрах, марах і акіянах’ (БРС). Запазычана з рус. мовы, дзе вертушка ’тс’.

Вяру́тны ’сапраўдны’ (ваўк., Янк. БФ), укр. вірутний ’сапраўдны, арыгінальны’, запазычана са ст.-польск. wierudny ’сапраўдны’, суч. польск. wierutny ’тс’ (Булыка, Запазыч., 60–61). Да вера (гл.).

Вярханскі шар ’сонца’ або ’месяц’ у загадцы: «Па гары гаранкай каціўся шар вярханскі…» (староб., Заг., 1972). Лексема вярханскі ўтворана ад верх (гл.) пры дапамозе суф. ‑ан‑скі па аналогіі да гаранскі; параўн. рус. горенский таксама ў загадцы: «На горе горенской стоит дуб смоленский…» (СРНГ, 7, 34).

Вярхні́ца ’драбіны ў калёсах’ (пух., З нар. сл.), рус. кастр. ве́рхница ’верхняя падоўжная аснова калёс’, польск. wierzchnica ’верхняя частка чаго-небудзь’. Утворана ад верхні (< vьrxьnь) і суф. ‑іца (< ‑ica).

Вярхня́к1 ’бэлька паміж вушакамі’, вірхня́к ’тс’ (Мат. Гом.), укр. параўн. верхня́к ’верхні гарызантальны брусок у аконнай і дзвярной асадзе’, рус. урал., зах.-сіб. ве́рхник, верхля́к, варон., бран., гом. верхня́к ’верхні вушак акна, дзвярэй’, славен. vȓhnjak ’тс’. Узнікла ў выніку семантычнай кандэнсацыі злучэння верхні вушак.

Вярхня́к2, вырхня́к ’падстрэшак’ (малар., Нар. сл.), а таксама верхняк ’верхні сашнік у сасе’ (Выг.), утвораны ад прыметніка верхні і суф. ‑ак.

Вярхня́к3, вэрхня́к ’верхні жарновы камень’ (Дразд.), талач. вірхняк ’тс’ (Шатал.), укр. верхняк, ст.- і паўдн.-рус. верхня́к ’верхні камень у млыне’, урал. ве́рхник ’тс’, славен. vrhnják ’тс’. Усходнеславянска-славенская ізалекса. Да верхні. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (< ‑akъ). Параўн. верхнік2.

Вярхо́віца ’верх галавы, сярэдзіна верхняй часткі галавы, дзе бывае лысіна’ (навагр., стаўб., З нар. сл.); ’лоб’ (стаўб., КЭС), верхо́віца ’цемя’ (петрык., Шатал.) узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка *вярховы ’верхні’ (< vьrx‑ovъ‑) пры дапамозе суф. ‑іц‑а (< ic‑a). Да верх (гл.). Параўн. ст.-рус. верхъ ’цемя, макаўка’ (з XVI ст.), верховица ’цемя, макаўка, верхняя частка галавы’ (з XVII ст.), рус. вяц., горк. верховка ’цемя галавы раскольніка, якое выстрыгалася, паводле звычаяў веры, як у ксяндза’, літ. viršū́ ’вяршок, макаўка, вершаліна’, viršùgalvis, galvóvtršis ’цемя, макаўка’.

Вярхо́вушка ’від лінейкі, экіпаж’ (Касп.). Да вярховы < верх (гл.); параўн. ст.-рус. верховой, верховый ’які прызначаецца для язды вярхом’. Суфікс ‑(ов)ушк‑а мае размоўнае адценне. Такое ж адценне экспрэсіўнасці заключаецца ў драг. лёхкову́шка ’легкавая машына’, гродз. легкаву́шка ’тс’ (Сцяш.).