Пры́таркі ’металічныя стрыжні, якія злучаюць у сасе “лемяшніцу” з ручкамі’ (лудз., Сл. ПЗБ), сюды ж, відаць, і мн. л. пры́торчы ’пер’е, якое адрастае ў птушак пасля лінькі’ (лун., Шатал.). Рус. пск. при́торка ’доўгая жэрдка; кол, палка (для падпоркі, падтрымання чаго-небудзь)’, пск., тамб. при́торцы ’калы для ўстаноўкі рыбалоўных снасцей конусападобнай формы ў выглядзе сетак, нацягнутых на абручы’. Да то́ркаць, тырчэ́ць (гл.)
Прытарнава́ць ’прыгнаць да берага (пра плыт)’; ’дастасаваць, дапасаваць’ (Др.-Падб.; лід., Сл. ПЗБ), прытарнава́цца ’прыпыніцца, прыстаць’ (ТСБМ), ’прыстаць да берага’ (лід., Сл. ПЗБ), перан. прытарнава́цца ’прыстасавацца’ (Гарэц.; валож., Стан.). Да тарнава́ць, тарнава́цца (гл.).
Пры́тарны ’непрыемны ад празмернай канцэнтрацыі якіх-небудзь якасцей (пра смак, пах і пад.)’; ’празмерна, ненатуральна саладжавы’ (ТСБМ). Улічваючы ўжыванне толькі ў літаратуры, — з рус. при́торный ’тс’.
Прытаро́мны (прыторо́мный), прыторо́нный ’стромкі, круты (бераг)’ (лун., Шатал.; ЛА, 2), сюды ж перан. прытаро́мны ’страшны, жудасны’, прытаро́мна, прыстаро́мно ’жудасна, жахліва, страшна’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, з *прытаропны, параўн. таро́пно ’страшна’ (Скарбы), гл.; параўн. рус. о́торопь ’жах’. Магчыма, адпавядае стараж.-рус. притранъ ’страшны, жахлівы’ (адносна апошняга гл. ESJSt, 12, 719: pritranьnъ), што звязваецца з церці (гл.). Гл. таксама Даніловіч, Бел. дыял. фраз., 200–201.
Прытаро́пны ’брыдкі’ (гродз., Жыв. НС). Іншае значэнне ’страшны’ Даніловіч (Бел. дыял. фраз., 200–201) выводзіць з таро́пна ’страшна’ (гл.). Параўн. папярэдняе слова.
Прытаро́чыць, прыторо́чыць ’прывязаць тарокамі да сядла; прымацаваць’ (ТСБМ, ТС); прытара́чыць ’даставіць, прыцягнуць’ (ГЧ), прыторо́нчыты ’тс’ (Клім.). Да тарокі (гл.). Параўн. рус. літар. приторо́чить ’тс’, дыял. приторо́кать ’прывязаць (тарокай — рэменем)’, укр. приторочи́ти ’прывязаць рамянямі (тарокамі) да сядла’ і г. д.
Пры́таска ’церассядзёлак’ (астрав., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, звязана з прыто́сак ’канец атосы ў выглядзе кальца’ (з *пры‑атосак). Параўн. прыато́снік.
*Пры́таўка, пры́тоўка ’халоднае памяшканне’ (ТС). Няясна.
Прытаўчы́, прытувчэ́ ’збіць, пабіць; дабіць’; ’растоўкваць’; ’прыправіць затаўкай’ (ТСБМ, Нас., Шат.; шчуч., свісл., Сл. ПЗБ; ТС; лід., ЛА, 4), пріто́ўкнуты, прытоўкты́ ’заправіць страву растоўчаным здорам’ (драг., Вешт.), прытоўкці́ ’прыправіць’ (ТС). Прэфіксальны дзеяслоў ад таўчы (гл.). Параўн. рус. притоло́чь, укр. притовкти́. У спецыялізаваным значэнні ’заправіць ежу (растоўчаным здорам)’ мае дакладныя адпаведнікі ў бранск. притолкну́ть ’тс’, при́толочка, при́толка ’запраўка (звычайна растоўчаны здор) для супу, вадкай стравы’. Гл. яшчэ за́таўка.