Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рантух, ст.-бел. рантух ’палатняная хустка, упрыгожаная вышыўкамі, карункамі’ (Ст.-бел. лексікон). Праз польск. rańtuch, ramtuch ’хустка, кавалак палатна’ з ням. Randtuch альбо Regentuch (Нававейскі, Zapożyczenia, 261).

Ранцавальнікі ’валачобнікі’ (баран., пруж., Бел. фальк. у суч. зап. (Брэс.), 57). Хутчэй за ўсё з *ралцавальнікі (гл. ра́лца2). Сумніўна вывядзенне дзеяслова ранцаваць ’віншаваць песняй’ з ра́нец ’заплечная торба’ (“chodit z rancem, určenym pro dary”, гл. Slavia, 43, 1, 54). Не выключана аднак запазычанне, параўн. каш. ramcowac ’стукацца ў дзверы; крычаць’, в.-луж. rancować ’валачыцца’ (< ням. ranzen ’спарвацца (пра сабак)’), гл. SEK, 4, 172, 220; Шустар-Шэўц, 2, 1206.

Ранця́к ’рубец, трэшчына (на целе)’, ранцякі́ мн. л. (воран., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка ўтворана за пасрэдніцтвам літ. réñčiai мн. ’тс’. Параўн. таксама венг. ránc ’складка матэрыі, зморшчына’.

Ра́нчык, рэдчык ’бінт, павязка’ (Мат. Гом.). Імаверна, вытворнае ад рана1 (гл.), як ’тое, што прыкладаецца да раны’. Варыянт рэдчык (гл. рэдчык1), звязаны, відавочна, з рэдкай структурай тканіны, што выкарыстоўваецца для перавязкі. Народная назва.

Ра́ный ’ранні’ (Бяльк.), ра́ні (Сл. ПЗБ). Гл. ра́на2; відаць, адназоўнікавы прыметнік ад ра́на ’раніца’, рань ’вельмі ранні час’.

Рань ’вельмі ранні час’ (ТСБМ). Утварэнне з суфіксам ‑jь ад ра́на2.

Раня́ць ’даваць магчымасць упасці, упускаць; скідаць (пра лісце)’ (ТСБМ), слёзкі раняе (Сержп. Прык.), сьлёзкі роніць (Касп.), рані́ць ’выкідваць, аддаваць’ раніла дзіця, рані́ць душу (ашм., мядз., Сл. ПЗБ), ’губляць, траціць, не шкадаваць’: здоровье своё роню на васъ (Нас.), сюды ж роны́тыса ’аблівацца слязамі’ (Доўн.-Зап., Пін.). Параўн. рус. дыял. рони́ть ’кінуць, даць магчымасць упасці’, укр. рони́ти ’даваць упасці; скідаць’, польск. ronić ’траціць, выкідваць; звяргаць’, ’ліць слёзы’, ’губляць пер’е, рогі, зубы’, ’лускаць зерне’, чэш. roniti (пра слёзы) ’праліваць’, славац. roniť ’цячы, ліцца’, в.-луж. ronić ’губляць, праліваць (слёзы)’, н.-луж. roniś ’тс’, серб. ро̀нити ’даваць нырца’, балг. ро́ня ’аддзяляць, абрываць; праліваць (слёзы)’, макед. рони ’тс’. Імаверна, першасным значэннем прасл. *roniti з’яўлялася ’даць, дазволіць, даць магчымасць упасці’; параўноўваюць з гоц. urrannjan ’паказвацца; узыходзіць (пра сонца)’, ст.-в.-ням. rennan ’прымушаць цячы, хутка бегчы’, грэч. ραίνω ’акрапляю, абсыпаю’ (Фасмер, 3, 501; Шустар-Шэўц, 2, 1235; БЕР, 6, 322).

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Рапай ’расліна лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (навагр., Дзмітр.; тут падаецца значэнне ’рапей’, што ўяўляецца вельмі сумніўным, параўн. кантэкст, на які спасылаецца збіральнік: Пашла дзеўка да гаю / Зеленъ рапай капаци), рапу́й ’тс’ (нараўл., ЛА, 1), сюды ж з тым самым значэннем рапні́к, рапе́шнік, рапі́шнік, раня́шнік (іўеў., ЛА, 1; мазыр., ГЧ; ельск., Жыв. сл.; Мат. Гом., Ян.), а таксама з пераносам націску на корань і заменай галоснага рэ́пнік ’тс’ (валож., ЛА, 1), імаверна, пад уплывам рэ́па (гл.): абедзве расліны падобныя адна на адну ліставой часткай. Да рапей (гл.).

Рапа́к ’лопух’ (ваўк., Сл. ПЗБ): ціснулі алей з рапаку (Сцяшк.), ропа́к ’алейная расліна падобная на свірэпку’ (ТС). Магчыма з польск. rzepak ’рапс’, што спачатку адносілася да свірэпы (гл.), якая як і ўкр. свирі́па ’гарчыца’, рус. суре́пка ’расліна Barbarea Beck.’ звязана з назвамі рэпы (гл.), параўн. rzepa, rzepka (Брукнер, 475), відаць, з-за падабенства лістоў. Гл. рапай, рапей.