Свірэпы ‘дзікі, агрэсіўны (?)’: “пчелы здѣсь водятся трехъ родов, то есть по здѣшнему крушиновые свирѣпыя, посредственныя и тихия” (Меер Крыч., 130), свіры́бый ‘нелюдзімы; люты’ (в.-дзвін., ЛА, 3; Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѣрѣпъ, свѣрѣпий: соуровий… и свѣрѣпїй (XV ст., Карскі 2-3, 393). Укр. свірі́пий ‘злы, сярдзіты’, рус. свире́пый ‘люты’, стараж.-рус. сверѣпъ, свирѣпъ ‘дзікі, дзікарослы; палкі, злы’, чэш. sveřepý ‘люты, жорсткі’, славац. sverepý ‘люты’, славен. sverẹ̑p ‘тс’, балг. свире́п ‘жорсткі, люты, шалёны’, макед. свиреп ‘тс’, ст.-слав. сверѣпъ ‘люты, бязлітасны’. Прасл. *sverěpъ(jь). Апошняе не мае адзінай этымалогіі. Меркавалася роднасць з літ. šiur̃pti, šiur̃pstù ‘уздрыгваць’ (Міклашыч, 330; Праабражэнскі, 2, 261), з ст.-ісл. svárr ‘цяжкі, цвёрды, моцны’, гоц. swērs ‘якога шануюць’, нов.-в.-ням. schwer ‘цяжкі’, літ. svarùs ‘тс’; агляд версій гл. Фасмер, 3, 580; Глухак, 600. Мяркулава (Этимология–1964, 78–80) вызначае роднасныя сувязі паміж рус. свирепый, сырой і суровый: *sur/*sver‑/*syr‑ і для *sverěpъ рэканструюе першаснае значэнне ‘мокры, вільготны’, якое цесна звязана са значэннем ‘грубы, суровы, строгі’, што сумніўна, паколькі няма надзейных сведчанняў існавання варыянта *sur‑, гл. Новое в рус. этим., 229. Інакш Махэк₂ (595), які выдзяляе частку sve‑ (аснова займенніка свой) і корань *rěp‑ ‘трымацца, чапляцца’. Формы з ‑б‑ вынік азванчэння ў інтэрвакальнай пазіцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)