Рапе́й, рапе́нь ’лопух’, ’лісце лопуху, Lappa tomentosa’ (Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), рапе́й, рапе́йнік ’шышка лопуху і расліна’ (Скарбы), рапе́шнік (Мат. Гом.), рапяшні́к (Ян.), рапо́ўнік (Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. репі́й ’тс’, ст.-укр. рѣпѣи ’асот’, рус. репе́й ’лопух’, ст.-рус. рѣпьи ’рапей, калючка’, ст.-чэш. řépí ’плод лопуху’, славен. repje зборн. ’лопух’, балг. ре́пей ’назва розных раслін, калючыя плады якіх чапляюцца за воўну і адзенне’. Прасл. *rěpьjь, вытворнае ад *rěpъ ’тс’, параўн. польск. rzep ’расліна Arctium lappa’, харв. rijep ’расліны Arctium lappa, Petasites officinalis і інш.’, што выводзяць з прасл. *rěpiti ’схапіць, учапіцца’, захаванага ў польск. дыял. rzepić się ’зліпацца’, славац. дыял. repiť sa ’схопліваць, прычапляцца’, што суадносяцца з літ. ap‑rė́pti ’схапіць’ (Брукнер, 475; Шустар-Шэўц, 2, 1215; БЕР, 6, 226; Бязлай, 3, 172). У беларускай мове названая форма захавалася пераважна ў прыставачных утварэннях, параўн. зрэ́піцца ’счапіцца, схапіцца’ (Скарбы), урэ́піцца ’учапіцца’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)