Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тру́нкаць ‘паволі ісці’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. труни́ть ‘ісці, трусіць’, тру́нка ‘трусца’, серб. тру́ни ‘мяце, сыпле (пра снег)’, фактычна ‘трусіцца’, што дазваляе Варбат (Исслед., 558) рэканструяваць прасл. *trúniti ‘брудзіць, церушыць’. Беларускі дзеяслоў мае, хутчэй за ўсё, імітатыўны характар, пра што сведчыць словаўтварэнне з суф. ‑к‑, характэрнае для гукапераймальных дзеясловаў.

Тру́нкі ‘ласункі’ (мёрск., Нар. сл.). У выніку семантычнага пашырэння лексемы трунак (гл.), магчыма, на базе першаснага значэння ‘глыток, лык’, параўн. польск. smakołyki ‘ласункі’.

Тру́нне (труньне) ‘скрутак чаго-небудзь бруднага (з адзення)’ (Касп.), рус. дыял. тру́нье, труньё зборн. ‘рыззё, лахманы’, трун, трунь ‘ануча, старое парванае адзенне’, кашуб. trȯn: v trȯn, v trȯnë ‘ў шматкі, на кавалкі (падраны)’, славен. дыял. trun ‘кавалак, крышка’, серб. тру̂н ‘крыха, крышка, саломінка’, збори. тру̂ње ‘крышкі, парушынкі’, харв. trûn, trȕn ‘кавалачак, трошкі, каліва’, што выводзяць з прасл. *trunъ ‘штосьці парванае, пакрышанае, расцёртае’, якое тлумачаць як дэрыват з суф. *‑nъ ад прасл. *truti, *trovǫ ‘церці, здрабняць’ (Варбат, Морфон., 142; Варбат, SLW, 157; Куркіна, Диал. структура, 151) або ўзводзяць непасрэдна да *terti ‘церці’ (Фасмер, 4, 109; Скок, 3, 512; Глухак, 641). Крытычна адносна прапанаванага Ваянам (Зб. Аванесаву, 56) вывядзення серб.-харв. trûn ‘саломінка’ з *truxnъ > *trunъ (гл. труха) Варбат (SLW, 156). Роднасць рускіх слоў з літ. tráunyti ‘церці’, trūnys ‘гніллё’, trūnė̑siai ‘рыззё, лахманы, анучы’, trunė́ti ‘гніць’, лат. trunêt ‘тс’, truni ‘гніллё’ (Буга, РФВ, 75, 150) падвяргае сумненню Фасмер (4, 109), іначай — Борысь (SEK, 5, 174).

Труня́нне ‘лодарнічанне’ (Юрч. Вытв.), труня́ннік ‘гультай, бадзяга’ (Юрч. СНЛ), труня́цца (асудж.) ‘лодарнічаць, бадзяцца, хадзіць без справы’ (Юрч.). Параўн. укр. тру́нути ‘піхнуць, штурхнуць’, рус. труня́стый ‘апрануты ў парванае адзенне’, труни́ть ‘ісці памалу’, серб. тру́нити ‘перашкаджаць’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *truniti ‘перашкаджаць’ (Варбат, Исслед., 557). Роднаснае літ. trỹnioti ‘церці, паціраць’ і trỹniotis ‘бадзяцца, валачыцца’.

Труп ‘ мёртвае цела чалавека або жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Ласт., Федар. 4; уздз., Мат.; віл., Сл. ПЗБ), ‘тулава’ (уздз., уласн. інфарм.): …паненкам — крылушкі… А я мужык глуп — мне ўвесь труп (Бел. казкі), ‘прах, астанкі’: адзежа трупам узялася (Нас.), ‘гніль’ (Багушэвіч, Байк. і Некр.): труп яго бяры — праклён (Вушац. сл.), ст.-бел. трупъ ‘мёртвае цела’, зборн. трупие ‘целы мёртвых’ (ГСБМ), трупъ ‘тс’: страшно было трупу московского гледѣти (17 ст., Карскі 2-3, 316); stojaczy na trupi (Хроніка Быхаўца). Укр. труп ‘мёртвае цела, мярцвяк’, рус. труп ‘тс’, ‘тулава’, ‘струп’, стараж.-рус. трупъ ‘мёртвае цела’, ‘ствол дрэва, пень’, польск. trup, н.-луж. tšup ‘мярцвяк’, в.-луж. trup ‘струп’, ст.-чэш. trup ‘пень’, ‘ствол’, чэш. trup, славац. trup ‘тулава, корпус’, славен. trúp ‘тулава’, ‘корпус карабля’, харв. trûp, серб. труп ‘тс’, ‘пень, калода’, макед. труп ‘тулава’, ‘мёртвае цела’, ‘пень, пацурбалак’, ‘даўбешка’, балг. труп ‘тулава’, ‘ствол дрэва’, ‘мёртвае цела’, ст.-слав. троупъ ‘мёртвае цела’, зборн. троупиѥ. Прасл. *trupъ роднаснае літ. traupùs ‘крохкі’, trupė́ti ‘крышыцца, гніць, драбніцца’, trùpas ‘старац’, ст.-прус. trupis ‘калода’ — на думку Мілеўскага (SOc, 18, 29), запазычана з польскай; лат. satrupēt ‘гніць, згніваць’, ‘спарахнець’, ст.-грэч. τρΰπη ‘дзірка’, τρυπάω ‘свідрую’, якія ўзыходзяць да і.-е. *trou‑po‑/‑s ‘пень, калода’ < і.-е. *ter‑/*treu̯/*trou̯‑ ‘церці, расціраць’, ‘свідраваць’ (Фасмер, 4, 109; Голуб-Копечны, 392; Брукнер, 578; Младэнаў, 640; Буга, РФВ, 75, 151; Скок, 3, 516; Каруліс, 2, 433; ЕСУМ, 5, 657; Сной₂, 789; Борысь, 645). Паводле Махэка₂ (655), прасл. *trupъ мела першаснае значэнне ‘спарахнелы ствол дрэва’, параўн. каш. trëpa ‘спарахнелае бервяно, асабліва ў тарфянішчы’ (SEK, 5, 166), польск. trupieć ‘трухлявець, дзеравянець’. Гл. таксама меркаванні пра зыходнае значэнне ‘частка, кавалак’ на падставе балг. разтру́пя ‘парубаць дрэва на часткі’ (Новое в рус. этим., 239), параўн. таксама харв. rastrupati ‘разбіць на кавалкі’.

Тру́па ‘калектыў артыстаў тэатра, цырка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з рускай мовы, у якой слова труппа паходзіць з ням. Truppe ‘трупа’, ‘атрад’, ‘войска’, апошняе запазычана з франц. troupe ‘натоўп, банда’, якое з позналац. trouppus ‘гурт’ і ст.-франк. þrop ‘група’, што ўзнікла ў выніку метатэзы з þorp ‘натоўп, гурт’, ‘сяло’, параўн. ст.-англ. þorp, þrop, англ. thorp ‘вёска’, ням. Dorf ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Чарных, 2, 267; Даза, 729; Васэрцыер, 237; ЕСУМ, 5, 657).

Трупае́дзіна экспр. ‘сварлівая жанчына, заяда’ (клец., Бел. дыял. 3). Іранічнае ўтварэнне да труп і есці (гл.), параўн. польск. trupojad ‘звер, які харчуецца трупамі’.

Трупа́ціць экспр. ‘есці’ (Юрч. Вытв.): Трупаціла яна крупеню, / Яечню, руднік, жур, смажэню («Энеіда навыварат», Бел. літ. XIX ст.). Рус. смал. трупа́чить ‘разліваць ежу’ (1853 г., СРНГ). Хутчэй за ўсё, экспрэсіўнае ўтварэнне ад трупаць (гл.), аднак параўн. балг. тру́пам ‘накладаць, нагрувашчваць’, макед. трупи ‘навальваць, набіваць’, серб. тр̀пати ‘набіваць, напіхваць’, харв. tr̀pati ‘тс’, славен. trpati ‘тс’ (з харв., серб., (гл. Сной₂, 788) і асабліва серб. тр̀пија ‘абжорства’. Паводле Скока (3, 508), балгарска-македонскія формы звязаны чаргаваннем з харвацка-сербскімі і выводзяцца з *trupъ (гл. труп). Сной₂ (788) узводзіць да прасл. *tьrpati, роднаснага ст.-інд. tr̥̀pyati ‘насыціцца, задаволіцца’, нова-перс. tulf ‘перанасычанасць’ і пад. Няясна.

Тру́паць ‘стукаць’ (В. Адамчык, гл. Каўрус, Словаклад), трупнуць ‘стукнуць’ (навагр., Гіл.). Параўн. рус. тру́паць ‘біць, стукаць’, каш. trǫpać ‘таптаць’, рэз’ян. trupati ‘разбураць’, серб. тру̀пати ‘разбіваць, біць’, макед. трапа‑трупа — імітатыў хуткай хады («со трупање или за тропање», РМЈ, 3, 409). Паводле Борыся (SEK, 5, 168), да прасл. *trupati ‘ламаць, біць’; паводле Фурлан (гл. Бязлай, 4, 240) — другаснае ў адносінах да першаснага дэвербатыва *trъpati (гл. трапаць).

Трупе́льня ‘морг’ (слуц., Нар. словатв.). Да труп (гл.). Утварэнне з суф. ‑ельн‑я са значэннем памяшкання (Сцяцко, Афікс, наз., 53), магчыма, народны эквівалент запазычанню трупярня (гл.). Параўн. рус. смал. трупе́льня ‘хата, дзе ставяць труну з нябожчыкам’ (1914 г., СРНГ), мертве́цкая, пако́йніцкая ‘тс’.