Трупа́ціць экспр. ‘есці’ (Юрч. Вытв.): Трупаціла яна крупеню, / Яечню, руднік, жур, смажэню («Энеіда навыварат», Бел. літ. XIX ст.). Рус. смал. трупа́чить ‘разліваць ежу’ (1853 г., СРНГ). Хутчэй за ўсё, экспрэсіўнае ўтварэнне ад трупаць (гл.), аднак параўн. балг. тру́пам ‘накладаць, нагрувашчваць’, макед. трупи ‘навальваць, набіваць’, серб. тр̀пати ‘набіваць, напіхваць’, харв. tr̀pati ‘тс’, славен. trpati ‘тс’ (з харв., серб., (гл. Сной₂, 788) і асабліва серб. тр̀пија ‘абжорства’. Паводле Скока (3, 508), балгарска-македонскія формы звязаны чаргаваннем з харвацка-сербскімі і выводзяцца з *trupъ (гл. труп). Сной₂ (788) узводзіць да прасл. *tьrpati, роднаснага ст.-інд. tr̥̀pyati ‘насыціцца, задаволіцца’, нова-перс. tulf ‘перанасычанасць’ і пад. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)