Таго́ 1 — Р. і В. скл. займенніка той (гл.), ст.-бел. того (XVI ст., Статут 1529). Параўн. укр. того́, рус. того́, стараж.-рус. того, чэш. toho, славац. toho, серб.-харв. tȍg(a), старое балг. того́зи, ст.-слав. того. Прасл. *togo ад указальнага *tъ з няяснай па паходжанні фіналлю ‑go, партыкулай, якая праціпастаўлялася часціцы *so, параўн. ст.-слав. чьсо ’што’, першапачаткова прадстаўленай у і.-е. *tó‑so або *to‑si̯o ’гэтага’, параўн. ст.-інд. tásya ’тс’ і пад. Жэлезнікер (WsJb, 10, 69 і наст.) ідэнтыфікуе ‑g‑ з элементам, прадстаўленым у прасл. *‑gda, *‑gdy (гл. тагды); аналагічна Фасмер (4, 69), які следам за Шмітам (KZ, 23, 292) бачыць у ім канцавы элемент прасл. *inogъ, *četvьrgъ (гл. чацвер).
Таго́ 2 ’таму’ (Юрч. СНС). Укр. того́ ’тс’, рус. того́, оттого́ ’тс’. Форма Р. або В. скл. займенніка той — вынік адвербіялізацыі (ЕСУМ, 5, 590; Фасмер, 4, 69). Параўн. адвербіялізаваную форму Д. скл. гэтага ж займенніка таму́, гл.
Таго́ны ’той’ (Сцяшк. Сл.). Адзайменнікавы прыметнік ад той ’ён’ (гл.), утвораны па тыпу ягоны, гл.
Та́дны ’танны’ (дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 3). Дыялектная дысіміляцыя (н > д) доўгага (з падвойнага) санорнага, параўн. тое ж у тайны 2 (гл.).
Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.
Тады́ка ’тады’ (маст., Сцяшк.). Да тады (гл. папярэдняе слова) і часціцай ‑ка з наяўнай экспрэсіяй. Параўн. блізкія формы з ‑к‑: старое серб.-харв. tadaka, tadeka, tadaker, чэш. дыял. tedyk ’тады’, харв. tedéky ’зараз’ (ESSJ SG, 2, 668). З іншымі нарашчэннямі (т. зв. “пустымі” суфіксамі, гл. Шуба, Прыслоўе, 62), тады́нака ’тады, туды’ (Жд. 2), параўн. з н.-луж. дыял. tedyn, tejdyn ’тут; зараз; тады’ і старое серб.-харв. tьdinak ’тады’; тады́х ’тады’ (мядз., Жд. 3); тады́ча ’тады’ (шчуч., З нар. сл.), параўн. харв. tedečky, tedečke ’зараз’.
Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.
Тады́-сяды́ ’час ад часу, калі-нікалі, іншы раз’ (ТСБМ), ’часам, калі-нікалі’ (Касп., Варл.). Рыфмаванае спалучэнне да тады (гл.), параўн. сюды‑туды, туды‑сюды, гл. сюды, туды. Другая частка спалучэння ўзыходзіць да ўказальнага займенніка *sь, гл. сей.
Та́ек (та́як) ’як, як быццам’ (слуц., Нар. словатв.). Утворана на базе спалучэння так як з пропускам зычнага ‑к‑ у алегравых формах (Шуба, БЛ, 18, 64), гл. так, як. Аналагічна заходнеславянскі дыял. злучнік tajak — скарочана з tak jak (ESSJ SG, 2, 634). Параўн. татак ’тс’, гл.
Тае́мнік 1 ’шматгадовая травяністая расліна, якая паразітуе на каранях ляшчыны, вольхі і пад.’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’расліна Lathraea’ (Кіс.). Відаць, штучна створаная (не народная) назва ад тае́мны (гл.) на базе лацінскай назвы, якая паходзіць ад lathraeos ’хаваць’, параўн. тыпалагічна тоесныя ўкр. потаенниця ’расліна Lathraea squamaria L.’ (Аненкаў), серб. по̀та̑јница ’Lathraea’.
Тае́мнік 2 ’патаемнае месца, тайнік’ (Нас.). Да тае́мны, гл. наступнае слова.
Тае́мны ’тайны, скрыты, невядомы; непрыкметны; загадкавы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Стан.), таёмный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. таемный ’тс’ (КГС), таёмный ’тс’ (XV ст., Карскі 2-3, 233). Укр. тає́мний ’таемны’, польск. tajemny ’таемны, сакрэтны; невядомы’, чэш. tajemný ’тс’, славац. tajomný ’таемны, сакрэтны’. Паводле Карскага (Труды, 314), з польск. tajemny ’тс’, якое Атрэмбскі (SOc, 19, 455–456) лічыў вынікам кантамінацыі старога дзеепрыметніка *tajemъ (гл. таім) і прыметніка *tajьnъ (гл. тайны) і агульнай заходнеславянскай інавацыяй. Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388.