Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)