Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лужэчак ’невялікая ўпадзіна, яміна’ (ганц., Сл. ПЗБ). З лужочак < луг2 (гл.); э замест о — характэрная з’ява паўд.-зах. бел. гаворак (Бел. дыял., 1980, 31–32).

Лу́за ’адтуліна на краі більярднага стала з сеткай, у якую падае шар’ (ТСБМ). Запазычана з польск. łuza ’тс’ праз рус. мову (КЭСРЯ, 248; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Луза́н ’спелы арэх, які сам вывальваецца з гранкі’ (ТСБМ, ТС), лузане́ц ’тс’ (Маш.; бялын., Янк. Мат.; ветк., Мат. Гом.), лу́занік ’тс’ (ТС), луза́нчык ’тс’ (Янк. 3.). Да луза́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ан‑ гл. Сцяцко (Афікс. наз., 26). Сюды ж пераноснае паводле падабенства луза́н ’здаровае, тоўстае дзіця’ (кір., Нар. сл.).

Лу́заць ’гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’назаляць словамі, набрыдаць’ (КЭС, лаг.), рус. пск., цвяр. лузжа́ть ’уніжана прасіць’, лузга́ ’дакучлівы чалавек, папрашайка’. Сюды ж, відаць, і серб.-харв. lȕzati ’гаварыць многа і пры гэтым выбалбатаць праўду’, lȕzav, lȕzavec ’пустамеля, лапатун’. Балтызм. Параўн. літ. lū́dzoti, лат. lūdzīt, lūgt ’прасіць, вымольваць’, lūdzejs, ludzošs ’той, хто вымольвае, выкленчвае, выпрошвае’, lūdzu! ’калі ласка’. Гэтак жа і Лаўчутэ (Сл. балт., 119). Скок (2, 333) суадносіць серб.-харв. лексемы з (класічным) лац. ludere, якое з lūdus ’гульня’ — не зусім пераканаўча.

Луза́ць ’біць, караць’ (Янк. 1, Мат. Гом.), лузану́ць ’секануць’ (жлоб., Мат. Гом.), ’сцебануць’, ’пайсці (пра дождж)’ (Ян.), лузану́цца, лу́знуцца ’моцна стукнуцца, ударыцца’, лу́знуць ’стукнуць’ (клец., Жыв. сл.; ТС). Рус. пск. лузжи́ть ’біць’, цвяр. лу́знуть ’дзюбнуць, выпіць віна’, ’сцебануць’; пск., цвяр. лу́знуться ’паслізнуцца і ўпасці; моцна ўдарыцца’, лызга́ть ’слізгацца па снезе, катацца на каньках’, тамб. слы́зить, слызну́ть ’злякацца’, рус. лызгону́ть ’даць лататы’, ’вышмыгнуць’; ст.-чэш. lyziti sě ’ўсміхацца’, валаш. lyziť sa ’прыдуркавата смяяцца’, lizoniť sa ’вышчэрвацца’, славац. luznuť ’ударыць па твары’, ’даць у вуха’, ’наступіць’, luzniť sa ’песціць’; серб. ц.-слав. лузгати ’жаваць’, серб.-харв. (жаргоннае) і макед. luzati ’біць, валіць’, балг. лу́згам ’штурхаю’, пірдопск. лу́згам, лу́скам, лу́зна ’б’ю, мучу’, хаскоўск. лузгъм съ, лу́знъ ’катаюсь’, лъ́згам се ’катаюсь на санках або на нагах’, радоп. лизгам са, лизгна са ’тс’. Сюды ж і бел. лузаць ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці, лушчыць’ (ТСБМ, Шат., Янк. 1, Мат. Гом.), ’лушчыць (гарох, фасоль’), ’чысціць’ (Ян.; калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луза́ти і лузга́ти, луза́ть ’лушчыць’, луза́тися ’лушчыцца’, лузга́ ’шалупінне’, зах. лу́зати ’здабываць насенне, гарох і да таго пад.’; рус. арл., ленінгр. лузжи́ть ’лузаць, лушчыць’, зах.-бран., кур. луза́ть ’тс’. Усх.-слав. дыялектны дублет да лузга́ць (гл.). Уваходзяць у групу слоў з рухомым зыходным элементам: luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lušp‑/lusp‑ з агульным значэннем ’лушчыць, знімаць скуру (кару)’ і з пашыральнікамі кораня ‑z‑/‑zg‑/‑sk‑/‑sp. Іх семантычная мадэль на славянскім моўным арэале характарызуецца наступным наборам значэнняў: ’біць, ударыць, сцябаць’ — ’лупіць, лушчыць, здзіраць, ачышчаць ад шалупін’ — ’луска’ — ’жэрці, жлукціць’ — ’коўзацца’ — ’шмыгнуць, знікаць’ — ’усміхацца’ (Куркіна, Этимология–72, 68–73). Слав. luzg‑/lusk‑ адпавядаюць літ. láužti ’ламаць’, lū́žti ’разбівацца, ламацца’, lū̃žis ’расколіна, трэшчына’, lusnà ’шалупінне’, nu‑lùzgęs, lùzgis ’абадранец’, lùzgana ’лупіна’, лат. laûzt ’ламаць’, laûska ’абломкі’ (Махэк₂, 345; Фасмер, 2, 530; Слаўскі, 5, 374–377; БЕР, 3, 492–493; Скок, 2, 333).

Лузга́ ’шалупінне, вотруб’е, луска’, лузґа ’кастрыца льну’ (Нас., Дразд., Гарэц., Грыг., Бяльк., ТСБМ, Выг. дыс.; беласт., Сл. ПЗБ). Укр. лузга́, рус. лузга́ ’тс’, каш. łuzga, lëzga ’гільза’, ’похва’, славен. luzgína ’шалупіны’. Прасл. luzga ’шалупіны, луска’ (Слаўскі, 5, 374–375). Гл. таксама луза́ць і луска́.

Лузга́н1, лузгане́ц, лузга́нік, лузга́нчык ’вялікі спелы арэх, які сам выпадае са шкарлупіны’ (Нас., Дразд., Гарэц.; мсцісл., Мат. Маг.), лузганнё ’ачышчаныя, поўныя арэхі’ (Нас.). Да лузга́ць (гл.). Гл. таксама лузан і лузаць.

Лузга́н2 ’дзіцё з поўным і чыстым тварам’ (Нас.), лузка́н ’тоўсты чалавек’ (Бяльк.), лузканнё ’здаровыя дзеці’ (Юрч. Вытв.) — у выніку семантычнага пераносу з лузга́н1 (гл.).

Лу́зга́ць, лузка́ць ’лузаць (насенне, арэхі)’, ’лушчыць’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Дразд., ТСБМ, ТС; шкл., Мат. Маг.), лу́зга́цца ’лёгка адставаць ад кароны’ (Гарэц.). Укр. лу́згати, рус. лу́згать, каш. lëzgac, славен. lúzgati ’тс’, ц.-слав. лузьгати ’грызці, есці’. Прасл. luzgati ’лушчыць, вылушчваць, здабываць са стручка’. Утворана ад luzga. Да лузга́, луза́ць (гл.). Сюды ж лу́зкыньня ’лузанне’ (Юрч. Вытв.).

Лу́зік ’галіна’ (слаўг., Мат. Маг.). Да галу́за1 (гл.) ’тс’ з адпадзеннем пачатковых г‑a‑, якія атаясамліваліся як прыстаўныя.

Лу́зка (памянш.) ’лаза’ (нараўл., Мат. Гом.). З ло̂жа, у якім ‑о̂‑ перайшло ў ‑у‑. Да лаза́ (гл.).

Лузонік ’арэх, які сам вывальваецца з шапачкі’ (Янк. 1). Да луза́н, лузга́н (гл.).