Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бі́сер. Рус. би́сер, укр. біс́ер, би́сер. Ва ўсх.-слав. мовах — запазычанне з ц.-слав. бисьръ, якое ўзята з цюрк. büsrä < араб. busra ’фальшывы жэмчуг’. Бернекер, 58; Праабражэнскі, 1, 26; Локач, 30; Слаўскі, 1, 34.

Біскві́т. Рус. бискви́т, укр. біскві́т. Запазычанне з франц. biscuit (або ням. Bisquit < франц.), якое з лац. bis coctus (bis coctum) ’двойчы лечанае’. Фасмер, 1, 168; Шанскі, 1, Б, 124–125.

Бі́скуп ’каталіцкі епіскап’ (Нас., Шат., БРС, Гарэц.). Ст.-бел. бискуп (Булыка, Запазыч.). Рус. би́скуп, укр. би́скуп, бі́скуп. З польск. biskup ’тс’ (а гэта з ст.-в.-ням. biscof, можа, праз чэш. мову, гл. Шалудзька, Нім., 22; Брукнер, 27; Слаўскі, 1, 34 і інш.; першакрыніца — грэч. ἐπίσκοπος). Шалудзька, Нім., там жа; Кюнэ, Poln., 44; Рыхардт, Poln., 38. Параўн. яшчэ Бернекер, 58; Фасмер, 1, 168.

Бісю́ркі ’бісер’ (Нас., Яруш.). Запазычанне з польск. bisiórka, bisiorka ’тс’ (здаецца, таго ж паходжання, што і бі́сер, гл.; Варш. сл., 1, 157–158). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 34.

Біто́к ’бітае мяса’. Відаць (як і ўкр. бито́к), запазычанне з рус. бито́к ’тс’ (параўн. польск. bitki ’сечаныя катлеты, зразы’). Да рус. слова параўн. Шанскі, 1, Б, 125. Словаўтваральная мадэль гэтага слова агульнаславянская (параўн. бел. словы гэтага тыпу, але з іншым значэннем), але як кулінарны тэрмін яно пашырылася праз рускую мову.

Біто́н. Рус. бидо́н, укр. бідо́н. Запазычанне з франц. bidon ’тс’ (а гэта з сканд. bida ’ваза’ або грэч. *bithôn ’бочка’; Шанскі, 1, Б, 116; БЕР, 1, 46, прыводзіць і візант. πίθον як магчымую крыніцу франц. слова).

Біфштэ́кс. Рус. бифште́кс, укр. біфште́кс. Зыходным з’яўляецца англ. beefsteaks (мн.) ад beefsteak ’ялавічына’. Падрабязна гл. Шанскі, 1, Б, 126–127. Бел. і ўкр. словы, відавочна, запазычаны праз рус. мову.

Біць. Рус. бить, укр. би́ти, ст.-рус., ст.-слав. бити, польск. bić, чэш. bíti, балг. би́я, серб.-харв. би̏ти і г. д. Прасл. biti bii̯ǫ. Корань дыфтангічны *bhei̯‑. Параўн. грэч. φιτρός ’ствол дрэва, кол, калода’, ст.-в.-ням. bīhal ’сякера’ (ням. Beil), ірл. benim (*bnināmi) рэжу, б’ю і г. д.’ Бернекер, 117; Траўтман, 33; Фасмер, 1, 169; Слаўскі, 1, 31. Махэк₂ (54–55) рэканструюе biti bьjǫ. Ад слав. biti ўтворана шмат розных вытворных: bi‑dlo (параўн. бел. бі́ла ’спінка ложка; язык у звоне і г. д.’, бі́ліцы ’набіліцы’), bi‑čь ’біч’, bi‑tva ’бітва’; асабліва многа форм ад *bi‑t‑ (біта́; бітка ’падбітае яйцо; снапы, раскладзеныя на таку для малацьбы; ахапак сухога лёну; вялікая суконная хустка’ < ’бітая хустка’; біту́к ’коўдра, палавік’; біту́н ’задзірысты чалавек’ і г. д.).

Бі́цэпс. Рус. би́цепс, укр. бі́цепс. Вучонае запазычанне з лац. мовы для абазначэння двухгаловай мышцы (лац. biceps двухгаловы’). Параўн. Шанскі, 1, Б, 127.

Біцю́г. Паводле Шанскага, 1, Б, 126, запазычанне (як і ўкр. битю́г) з рус. битю́г ’тс’ (якое тлумачыцца як «конь з ракі Битю́г», у Варонежскай вобласці, дзе быццам была выведзена гэта парода, гл. Праабражэнскі, 1, 27; Фасмер, 1, 169; Шанскі, 1, Б, 126; іншая версія — запазычанне рускага битю́г з цюрк. моў, літ-py гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, Дополн., 1, 169; Шанскі, там жа). Некалькі іначай аб цюрк. паходжанні слова Оцін, Этимология, 1970, 230–241.