Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бло́нне ’адкрытае месца, поле’ (Нас.), ’роўная нізіна, заліўны луг’ (Яшкін). Запазычанне з польск. błonie ’луг, паша, выган’. Параўн. бало́на2 (там і літ-ра).

Блонь ’брушная плява’ (Нас.). Рус. блона ’абалонка, паслед’. Параўн. ст.-бел. блонка ’абалонка, плеўка’. Запазычанне з польск. błona ’абалонка, плява, плеўка’. Фасмер, 1, 176. Гл. яшчэ бало́нкі (там і іншая літ-ра).

Блот ’валацуга’ (Яўс.). Параўн. блатаваць ’валацужнічаць’, блатны ’валацужны’ (Яўс.). Блот — гіперкарэктнае ўтварэнне ад блатаваць ці блатны. Пад націскам аднаўляецца неэтымалагічнае о (параўн. знайсцізнойдзем; параўн. яшчэ: барса́ць < борса́ть, *бърс‑, але з новым націскам бэ́рсаць, дзе неэтымалагічнае э).

Бло́тнік металічны абруч над колам веласіпеда ад гразі’ (Сцяц.). З польск. błotnik ’тс’ (да błoto гразь’).

Бло́ціць ’травіць пасевы, сенажаці’ (Янк. Мат.). Здаецца, запазычанне з польск. błocić ’пэцкаць’ (ад błoto ’балота, багна’). Параўн. кантэкст: «Ня столькі зье́лі тае канюшы́ны, ко́лькі збло́цілі».

Блудзі́ць. Рус. блуди́ть, укр. блуди́ти, польск. błądzić ’блукаць, блудзіць; грашыць, памыляцца’, чэш. blouditi, ст.-слав. блѫдити, балг. блъдя́, серб.-харв. блу́дити і г. д. Прасл. blǫditi (ітэратыўная форма да blęsti blędǫ ’памыляцца’: ст.-слав. блѧсти блѧдѫ, ст.-рус. блясти бляду і г. д. І.‑е. *bhlendh‑: *bhlondh‑ ’цямнець; вечарэць; змяркацца; бянтэжыць, памыляцца’. Параўн. літ. blandùs ’хмуры’, blañdas ’хмурасць; пацямненне розуму’; blandýtis ’хмурыцца; блукаць’, гоц. blandan ’перашкаджаць, мяшаць’, ст.-в.-ням. blentan ’асляпляць’ і г. д. Слаўскі, 1, 36; Траўтман, 34; Буга, РФВ, 70, 100; Бернекер, 61; Махэк₂, 56–57; Фасмер, 1, 177. Параўн. яшчэ блудзя́га ’хітрун; уцякач’, блу́дны ’бадзяжны (пра скаціну)’ (Нас.).

Блу́зка. Гл. блю́зка.

Блу́зніць ’трызніць’. Гл. блюзні́ць.

Блука́ць. Рус. блука́ть, укр. блука́ти, польск. błąkać się, чэш. blúkat (se) і г. д. Славянскае новаўтварэнне да blǫditi (гл. блудзі́ць). Адносіны blǫditi: blǫkati такія ж, як, напр., у польск. brudzić: brukać ’пэцкаць’. Іншая версія: дэкампазіцыя з слав. *ob‑lǫkati (да *lǫk‑ ’дуга, крывізна’). Параўноўваюць таксама з лат. blañkstît ’пайсці ўбок’, blañkstîtiês ’бадзяцца, бяздзельнічаць’. Фасмер, 1, 178; Бернекер, 62; Буга, РФВ, 70, 101; Слаўскі, 1, 36; Рудніцкі, 150; Махэк₂, 58. Параўн. яшчэ блука́цца ’блукаць, бадзяцца’ (Бяльк., Нас., Касп.), блукня́цца (Нас.), блакуня́цца (Касп.).

Блу́тацца ’бадзяцца’ (Жд.), блута́цца ’блытацца, заблытвацца’ (Бяльк., Влад.), блутаніна (Касп.). У рус. гаворках, здаецца, няма (гл. СРНГ), таксама і ва ўкр. мове. Гэтае слова можна лічыць бел. новаўтварэннем з дзеяслова плутацца, плутаць, вядомага ва ўсх.-слав. мовах. Блу́тацца, блу́таць узнікла экспрэсіўным азванчэннем п > б (перад л). Але не выключаецца і ўплыў (кантамінацыя) дзеяслова блудзі́ць, блука́ць. На аснове блу́тацца, блу́таць далей утварыўся дзеяслоў блытаць, блытацца (гл.).