Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вэртэпа ’яселькі’ (Кольб.). Укр. верте́п ’тэатр лялек, у якім ігралі калядную містэрыю’, рус. верте́п (у Даля прыводзіцца толькі як паўдн.-укр.), польск. дыял. wertep ’тс’ (з усх.-слав. моў). Мабыць, ідэнтычнае па паходжанню з словам *vьrtьpъ ’пячора, круча, яр і да т. п.’ (параўн. бел. вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’, ве́рцеп ’старарэчышча з вірам’ (Яшк.), укр. верте́п, верте́па, рус. верте́п, верте́па). Паводле падання, Хрыстос нарадзіўся ў пячоры. Параўн. Брукнер, 607.

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Вэрч ’скрутак лыка, лазы’ (Інстр. III), укр. верч ’скрутак, пучок’, рус. верчь ’тое, што спрадзена без верацяна (канапляная пража, вяроўка і г. д.)’. Параўн. таксама і рус. ве́рча ’від пражы; палавік, сатканы з ануч’. Утварэнне ад дзеяслова *vьrtěti. Усх.-слав. формы адлюстроўваюць старое вытворнае з ‑j‑ суфіксацыяй (vьrt‑jь). Гл. Рудніцкі, 367.

Вэ́ршка ’рыбалоўная снасць’ (Бес.). Фанетычна — гэта палеская форма, марфалагічна — памяншальнае ўтварэнне да слав. vьrša (гл. ве́рша). Але вэ́ршка — не памяншальная форма, а ўтварэнне з самастойнай семантыкай. Параўн. укр. ве́ршка ’рыбалоўная прылада — кошык з пруцца лазы’, а верша ’плецены з пруцца конус’ (гл. Грынч.).

Вэ́са ’штосьці, што вісіць’ (КЭС). Дыялектная форма да слав. *visa (: visěti). Параўн. рус. ви́са, укр. ви́са ’тс’.

Вэ́соч ’вышыня’ (Клім.). Дыялектная форма (замест высоч) да слав. vysočь (: vysokъ ’высокі’). Але хутчэй вэсоч (*высоч) — гэта скарачэнне слова тыпу ўкр. височінь ’вышыня’, таму што вэсоч, здаецца, больш нідзе не сустракаецца.

Вэтава́ць ’помсціць’ (Нас.), павэтава́ць, адвэтава́ць. Запазычанне з польск. odwetować, powetować ’кампенсаваць’ (а гэта з ням. крыніцы; гл. Брукнер, 607). Іншага Паходжання ст.-бел. ветовати ’заяўляць вета, пратэставаць’ (Булыка, Запазыч., 61): < польск. wetować < лац. vetō, ‑are (Брукнер, 607–608).

Вягало, вягела ’мянтуз, мянёк’ (Лаўманэ, Лекс. балтызмы, 16). Запазычанне з літ. vėgėlė̃ ’тс’ (параўн. таксама лат. vēdzele ’тс’). Гл. Лаўманэ, там жа (з дакладнай геаграфіяй пашырэння беларускага слова). Паходжанне літ. слова няяснае (гл. Фрэнкель, 1212; там і некаторыя меркаванні Эндзеліна). Вя́гело ў бел. гаворках таксама ’нехлямяжы чалавек’. Пра сувязь значэнняў ’нехлямяжы’ і ’мянтуз’ гл. у Лаўманэ, там жа, 16–17.

Вядвабны ’шаўковы’ (Дзмітр.). Дыялектная форма (з пратэтычным в‑) слова ядва́бны ’тс’ (гл.). Параўн. аналагічную з’яву ў слове вя́зьмін (гл.) < язьмін, вярмо́ < ярмо́.

Вя́дзець ’вянуць, сохнуць’ (Шат.). Да слав. *vęd‑nǫti ’вянуць’ (гл. вя́нуць), але марфалогія слова застаецца няяснай. Параўн. укр. (з «прэфіксам» че‑) чевʼя́діти ’занепадаць, хварэць’, таксама чавʼя́діти.