Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вэ́дрык ’божая кароўка’ (З жыцця), укр. ве́дрик. Паводле Трубачова, Эт. сл., 1, 180–182, вэ́дрык — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, засведчанай у назвах божай кароўкі ў слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, там жа). Іншая версія: сувязь з *vedr‑ ’яснае надвор’е і да т. п.’ (гл., напр., Г. Ф. Шило, Названия божьей коровки в украинских говорах («Совещание по общеславянскому лингвистическому атласу». М., 1969, с. 37).

Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсацьбарса́ць (гл.) з націскным э́ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.

Вэ́ксаль ’вэксаль’ (Шат., БРС). Рус. ве́ксель, укр. ве́ксель. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца ням. Wechselрус. мове гэта слова сустракаецца ў Пятроўскую эпоху ўпершыню ў 1700 г.). Можна меркаваць, што для бел. і ўкр. моў крыніцай было рус. ве́ксель, хоць не выключаецца і непасрэднае запазычанне з ням.

Вэ́лен ’вэлюм’. Гл. вэ́лян.

Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.

Вэ́люм (БРС, Сцяшк. МГ, Сіг.). Гэта слова засведчана ў ст.-бел. мове з XVII ст. «ходила в мниской одежи и велюмъ на голове носила» (Булыка, Запазыч.) і лічыцца запазычаннем з лац. vēlum (Булыка, там жа). Але сучаснае бел. вэ́люм хутчэй за ўсё ўзята не з лац. мовы, а з польск. welum (а гэта, зразумела, з лац.).

Вэ́лян ’вэлюм’ (Сцяшк. МГ), вэ́лен (Шат., Жд.). З польск. welon ’велюм’, якое лічыцца запазычаннем з іт. velo (а гэта з лац. vēlum). Гл. Słownik wyrazów obcych, wyd. 8‑е. Warszawa, 1962, стар. 698. Параўн. вэлюм.

Вэ́мбрух ’бручка’ (ДАБМ, 858, Інстр. II). Слова няяснага паходжання. Напэўна, запазычанае.

Вэ́нгер, венго́р, ві́нгор ’вугор’. Гл. вэ́нгож.

Вэ́нгож ’вугор Anguilla L.’ (Крыв.). Запазычанне з польск. węgorz ’тс’ (а гэта да прасл. *ǫgorь ’тс’; гл. Брукнер, 609; Махэк₂, 667; Фасмер, 4, 146). Параўн. яшчэ вуго́р. Таксама запазычаны з польскай мовы і іншыя назвы вугра: вэ́нгер, вэнго́р, ві́нгор (Крыв.), ванго́ш, ванго́р (гл. Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 33). Формы на ‑ор, відавочна, адлюстроўваюць адаптацыю да адпаведных бел. слоў (вуго́р).