Вы́юдзґаць ’вымараць, закаравіць’ (Янк. Мат.). Не вельмі яснае слова. Ці не звязана з вэ́дзґаць ’тс’ (гл.)? Тады вы́юдзґаць < *вы́вэдзґаць (з выпадзеннем інтэрвакальнага ‑в‑ і заменай яго ‑j‑).
Вы́я ’шыя’ (Інстр. I). Гэтага слова няма ў іншых лексічных крыніцах, таму можна лічыць, што яно ўнесена ў «Інструкцыю» ў якасці пробнага. Аднак мэтазгодным будзе ўсё ж такі прывесці яго этымалогію. Гэта слова вядома ў ст.-рус. і ст.-слав. мовах (выꙗ) і ў палаб. (våijo). Паводле Фасмера, 1, 373, цёмнае слова, ён не прымае параўнанне з авест. uyamnas ’deficiens’ (так Лёвэнталь, ZfslPh, 8, 129) і сувязь з вить, viti (так Гараеў, 60). Але, як думае Шанскі (1, В, 239–240), у рус. мове вы́я запазычана са ст.-слав. (так ужо лічыў Сразнеўскі). Шанскі (там жа) лічыць, што *vyja ўтворана ад дзеяслова *vyti ’быць’. Магчыма, што гэта і так; прынамсі, гэта этымалогія здаецца лепшай, чым тып, што былі вылучаны раней.
Вы́явіць ’выкрыць’, выявіцца ’выкрыцца’ (КЭС, лаг.; БРС, Яруш.), выяўля́ць, сюды ж выя́ўны ’выразны, голасны’; ’што добра вызначаецца’ (Янк. Мат.; КЭС, лаг.), выя́ўна ’выразна, голасна, зразумела’. Усё да вельмі разгалінаванай групы славянскіх слоў, якія ўзыходзяць да *(j)av‑: *(j)aviti, *(j)avьnъ і г. д. Гл. я́ўны.
Вы́ясніць, вы́ясніцца (у розных значэннях). Гл. я́сны.
Выяўле́нчы (БРС). Відавочна, калька з рус. изобразительный.
Вэ́гаўка ’гушкалка’ (Сцяшк. МГ). Мабыць, фанетычная трансфармацыя слова *вага́ўка (да вага́цца ’калыхацца, гайдацца’). Вэ́гаўка атрымала свой вакалізм ‑э́‑ па суадносінах тыпу багно́ — бэ́гна, барса́ць — бэ́рсаць, вархо́л — вэ́рхал (дзе пад націскам нібы «аднаўляецца» э).
Вэ́дле ’побач’ (Жд.). Параўн. ст.-бел. ведле, ве́для, вэдля (Булыка, Запазыч.) ’адпаведна, паводле’. Укр. дыял. вегля́, ві́для (ст.-укр. ведля, ведлѣ). Запазычанне з польск. wedle (< vъ‑dьle). Гл. Рудніцкі, 1, 331; Булыка, Запазыч., 58. Параўн. Брукнер, 606. Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61. Але бел. формы тыпу во́дле, во́длі могуць быць не запазычанымі (хоць такая магчымасць у прынцыпе не выключаецца: во́дле < wedle, з адаптацыяй першай часткі да ўсх.-слав. слоў з во‑ < въ‑), а спрадвечна ўсх.-слав. (аб гэтым гл. Фасмер, 1, 334).
Вэ́длік ’сноп’ (Сцяшк. МГ). Слова не зусім яснае па паходжанню. У іншых крыніцах яго няма, няма і ў суседніх мовах (рус., укр., польск.). Можна толькі прывесці некаторыя меркаванні наконт магчымасці этымалагізавання. У бел. мове ёсць слова мэ́длік (з шматлікімі фанетычнымі і марфалагічнымі варыянтамі; гл. ДАБМ, 874–877, № 286), якое азначае ’малая ўкладка снапоў у полі’. Можна думаць, што вэ́длік узнікла дысіміляцыяй з мэ́длік (м — л > в — л), а значэнне ’сноп’ (калі сапраўды такое ёсць) развілося з ’малой укладкі снапоў’ (’малая ўкладка снапоў > сноп’).
Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.