Вэ́нгра ’венгерац’ (Шат.). Кантэкст: «Па сяле ходзіць вэнгра з лякарствамі». Таму можна меркаваць, што гэта слова мела таксама значэнне ’вандроўны гандляр’. Параўн. рус. венге́рец, венгр ’венгерац’, а таксама ’бродячий торговец, продававший по городам и поместьям товары и лекарства, по происхождению главным образом словак из Венгрии’ (Фасмер, 1, 290, са спасылкай на Мельнікава–Пячэрскага). З польск. węgier ’венгерац’ (гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама дадаткі Трубачова (там літ-ра адносна венгерец ’гандляр’).
Вэ́нґрын ’той, хто кастрыруе’ (Сцяц.), вэ́нґер ’канавал’ (Шатал.). Вэ́нґрын ’канавал’, бясспрэчна, паходзіць ад этнічнай назвы венграў. Параўн. слав. *valachъ ’валах, румын; канавал; конь’. Аб сувязі падобных назваў (для канавала) з этнічнымі гл. Брукнер, 600; Махэк₂, 675. Параўн. яшчэ вэ́нгра.
Вэ́ндзацца ’бадзяцца без работы, сланяцца’. Гл. вэ́ндзіцца.
Вэ́ндзаць ’пракурваць на дыме мяса, вэндзіць’ (КЭС, лаг.), вэ́ндзаны. Таго ж паходжання, што і вэ́ндзіць (гл.), г. зн. запазычанне з польск. мовы (але вэ́ндзаць адлюстроўвае іншы марфалагічны дзеяслоўны тып). Але паколькі ў польск. мове іменна такой формы няма (гл. Варш. сл.), то можна лічыць, што ў бел. мове гэта марфалагічны неалагізм.
Вэ́ндзіцца ’вэндзіцца; марудзіць, затрымлівацца’ (Сцяшк. МГ). Значэнне ’марудзіць, затрымлівацца’ другаснае. Аналагічнае развіццё і ў рус. мове (рус. копти́ться ’сядзець, нічога не рабіць’). Магчыма, сюды адносіцца і вэ́ндзацца ’бадзяцца, сланяцца без работы’ (Шат.), якое, відаць, утворана ад вэ́ндзаць ’вэндзіць’ (так жа, як вэ́ндзіцца ’марудзіць’ < вэ́ндзіцца, вэ́ндзіць).
Вэ́ндзіць (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I). Запазычанне з польск. wędzić ’тс’ (Кюнэ, Poln., 113), а гэта да прасл. *(v)ǫd‑ ’капціць’; параўн. польск. wędzić, чэш. bouditi, uditi, славен. ovodíti, odíti, укр. буди́ти, вуди́ти і г. д. (Фасмер, 1, 232; Брукнер, 608; Махэк₂, 666). Гэта слова запазычана таксама рускімі гаворкамі ў Літве (ве́нди́ть; гл. СРНГ).
Вэ́ндка ’вуда’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. wędka ’тс’ (ад węda ’тс’: прасл. *ǫda). Параўн. ву́да (гл.).
Вэнь ’вунь’ (Шат., Сцяшк. МГ), вэ́ньдзека, вэ́ньдзяка ’тс’ (Янк. Мат., Шат., Сцяшк. МГ), вэн ’вось там, вунь’ (Бяльк.), вэ́ндзя ’там’ (Жд.). Гл. вунь.
Вэ́рлах ’вэрхал’. Фанетычнае пераафармленне (метатэза плаўных) слова вэ́рхал (гл.), якое адлюстроўвае польскае warchoł ’тс’.