Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Вяльмо́жны. Гл. вяльмо́жа.

Вяльмо́жства ’магутнасць’. Гл. вяльмо́жа.

Вянгля́рня (Шат.). З польск. wędlarnia (Шат.).

Вяндлі́на (БРС, Сцяшк. МГ), вянглі́на ’тс’ (Сцяшк. МГ, Шат., Нас.). З польск. wędlina ’тс’ (Шат.). Нас. памылкова звязваў гэта слова з вя́ліць.

Вяно́к ’вянок’ (Сцяшк. МГ); ’кутас у поясе’ (Шатал.); ’нізка цыбулі’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Слав. *věnъkъ да *viti ’віць’. Першапачаткова ’сплеценае’. Аб этымалогіі ўсёй групы слоў гл. ве́нік.

Вя́нуць. Ст.-рус. вянути, рус. вя́нуть, укр. вʼя́нути, ст.-слав. оувѧдати, чэш. vadnouti, польск. więdnąć, балг. вя́на, серб.-харв. ве́нути і г. д. Прасл. *vędnąti, ‑vędati. Лічыцца роднасным са ст.-в.-ням. swintan, ням. schwinden ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 375. Ад *vęd‑ суфіксам ‑l‑ ўтворана *vędl‑ ’вялы’, якое ляжыць у аснове дзеяслова вя́ліць.

Вя́пла ’разява, расцяпа’. Запазычанне з літ. vė́pla ’тс’. Урбуціс, Baltistica, 5 (1), 1969, 53; Непакупны, Праблемы філал., 92.

Вяпру́к ’кабан’ (БРС, Мал., Шн., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’кастрыраваны кабан’ (Інстр. II, ДАБМ, 885); ’парсюк, дзікі парсюк, дзік’ (Сцяшк. МГ). Да пашырэння слова вяпру́к ’пакладаны кабан’ і роднасных форм (вапе́р, япру́к і інш.) гл. ДАБМ, карта № 292. Форма вяпру́к вядома на значнай частцы беларускай тэрыторыі ў гаворках і пранікла ў літаратурную мову. Параўн. яшчэ рус. дыял. (смал.) вапер, ваперь, вепирь, вапрюк ’тс’ (СРНГ). Слова гэта праславянскае (*veprь; параўн. рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, ст.-слав. вепрь, балг. ве́пър, серб. ве̏пар і г. д.). Непасрэдна *veprъ адлюстроўваецца ў бел. вапе́р, вя́пер, ве́пер (гл., там і этымалагічныя версіі). Да вяпру́к; параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. Палесся, 8.

Вярабя́к ’верабей’ (шчуч., З нар. сл.). Да верабей (гл.). Суф. ‑як узнік, магчыма, пад уплывам літ. ‑iùkas: žvirbliùkas, žvirbliū́kštis ’верабейка’.