Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярло́ма ’баршчоўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (маг., Кіс.; Нас.), відавочна, экспрэсіўнае слова, якое можна звязаць з бел. вярлю́й ’мядзведзь’, серб.-харв. вр́љати ’кідаць’. Утворана ад вярнуць і ламаць (гл.), пры называнні падкрэсліваецца магутнасць расліны, яе моцнае сцябло; параўн. яшчэ маг. барэц (Кіс.), а таксама назвы з іншымі матывацыямі рус. опаль ад палить (пры дотыку да лісцяў на целе ўзнікаюць апёкі), рус. снидь (< снедь < ěsti ’есці’ — маладыя лісты ўжываюцца ў ежу ў якасці салата).

Вярмо́ ’ярмо’ (Шн., 2; Шн., 1; Сцяшк.; Жд., 1); ’вупраж для вала’ (Мат. АС Гродз.). Да ярмо́ (гл.). Пачатковае в‑ — пераасэнсаванне пратэзы i̯‑ ў гродзенскіх гаворках, дзе маецца і адваротная з’ява; параўн. вавёркаяе́рка (ДАБМ).

Вярна́цца ’вяртацца’ (петрык., Мат. Гом.), ‑рт‑ змянілася на ‑рн‑, відаць, пад уплывам вярну́цца.

Вярну́цца (БРС, Бяльк.) ’нахіляцца, паварочвацца’ (БРС). Укр. верну́тися ’вярнуцца; кружыцца (аб галаве)’, рус. вернуться ’вярнуцца назад’, ст.-рус. вернутися ’тс’, славен. vŕniti se ’вярнуцца, вяртацца’, серб.-харв. вр́нути се, макед. врне се, балг. върна се ’тс’ паходзяць ад кораня vert‑/vort‑/vъrt‑ і суф. nǫti (). Гл. яшчэ вярну́ць.

Вярну́ць ’аддаць узятае або атрымаць згубленае’; ’прымусіць або папрасіць вярнуцца назад’; ’заняцца пакінутай справай’ (БРС, Яруш.); ’звярнуць з дарогі’ (КТС, Гарэц., Бяльк., Касп.); ’нахіліць, хіліць’; ’ісці (аб дыме з коміна)’; ’капаць зямлю’ (БРС); ’нагаворваць’ (БРС, Шат.); ’згарнуць кудзелю да прадзіва’ (Жд., 1). Укр. вернути ’атрымаць назад’; ’абярнуць адзін раз’; ’паварочваць’; ’схіляць да чаго-небудзь’; ’вяртаць’, рус. верну́ть: арханг. ’прыводзіць у абарачэнне’, йонаўск. ’схіляць да чаго-небудзь’; ’вяртаць назад’, каш. vernǫc, славен. vŕniti ’вяртаць, вярнуць’, серб.-харв. вр́нути ’вярнуць’; ’звярнуць, павярнуць, збочыць’, макед. врне ’вярнуць’, балг. върна ’вярнуць’; ’аддаць назад’; ’прымусіць вярнуцца’. Прасл. vьrnǫti < vьrtnǫti (Шанскі, 1, В, 61).

Вярня́каць ’гаварыць абы-што, неўпапад’ (браг., З нар. сл.); ’дакучаць’ (мазыр., Мат. Гом.). Запазычана з рус. мовы; параўн. варнакать: разан., кур. ’хлусіць, балбатаць’; ’вярзці’, цвяр. ’паўдн. ’рабіць што-небудзь, абы-як, неахайна’; ’гаварыць глупства, балбатаць, малоць языком абы-што’, варон. ’гаварыць няясна, незразумела’, дан. варнякаць ’тс’, а гэта да рус. варнак ’катаржнік, злачынец, зладзюга, бадзяга, хуліган, жулік’, ад якога і ўкр. варна́к ’тс’. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 317.

Вяро́вачка ’тонкая вяроўка, маленькая вяроўка’ (БРС), вярёвычка ’тс’ (Бяльк.). Да вяро́ўка (гл.).

Вяро́вачнік ’майстар, які ўе вяроўкі’ (БРС), рус. верёвочник: урал. ’той, хто цягне невад з вады’, гур’еўск. ’уладарнік невада’. Бел. лексема ўтворана ад прыметніка вяровачны і суф. ‑нік.

Вяро́вачнікі ’плецены абутак з вяровак’ (Інстр. III). Беларускае. Утворана ад прыметніка вяровачны пры дапамозе суф. ‑ік‑і.

Вяро́вачны ’зроблены з вяроўкі’ (БРС), вяро́вычный ’тс’ (Бяльк.), укр. вірьовочный, рус. верёвочный, ст.-рус. веревочный. Усходнеславянскае. Утворана ад ст.-рус. вьрвък‑а і суф. ‑ьнъ. Да вяроўка (гл.). Гл. яшчэ вяроўчаны.