Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярта́льны ’вярчальны’ (КТС). Новаўтварэнне ад вяртаць (гл.) і суф. ‑альн‑ы, які звычайна далучаецца да асноў запазычаных назоўнікаў (Бел. гр., 1, 216–217).

Вяртахла́ ’неўраўнаважаная, легкадумная жанчына’ (дзярж., Нар. сл.) утворана, відавочна, ад *вяртуха́ць (гл.) і экспрэсіўнага суф. ‑л‑а, які ўтварае назоўнікі, што абазначаюць асоб паводле іх якасных прыкмет. Экспрэсіўнасць слова садзейнічала таму, што націск перайшоў на апошні склад, а гэта ў сваю чаргу — выпадзенню галоснай асновы перад суф. ‑л‑а (якая маецца, напрыклад, у словах: завадзіла, запявала, абдзірала і г. д.).

Вярта́цца ’варочацца, прыходзіць назад’ і вяртаць ’тс’; ’аддаваць назад’; ’кідаць, перакульваць, варочаць’ (БРС, КТС, Яруш., Бяс.). Укр. вертати ’варочаць, вяртацца, паварочваць, скідаць, звальваць’, рус. вертать: смал., наўг. ’аддаваць назад узятае, захопленае’, пенз. ’вяртаць каго-небудзь назад’, смал., наўг., паўд. вертаться ’вяртацца, варочацца назад’, польск. wracać się ’вяртацца’, wracać ’вяртацца; вяртаць’, н.-луж. wrośiś ’паварочваць’; ’скручваць, вярцець’; ’абарачацца’; в.-луж. wróćeć ’вяртаць, браць назад’, wróćeć so ’вяртацца’; ’адбівацца, адскокваць’, чэш. vraceti (se) ’мяняць кірунак, пасылаць назад’; ’вяртаць назад’; ’аддаць (нейкую рэч)’, славац. vracať ’мяняць у адваротны бок кірунак руху каго-небудзь’; ’прыводзіць да пачатковага стану’; ’аддаваць, вяртаць’, славен. vráčati ’вяртаць, варочаць’; ’аддаваць доўг’, vráčati se ’вяртацца’, серб.-харв. вр̏тати се ’вяртацца’, вра̏ћати ’вяртаць, аддаваць’; ’варочацца назад’, вра̏ћати се ’вяртацца’, балг. връщам ’аддаваць назад, вяртаць’; ’вяртацца’. Прасл. vьrtěti, vortiti. Прасл. vьrtati — фактатыў на ‑ati ад vьrtěti, vьrtjǫ (Скок, 3, 631). Да вярце́ць (гл.).

Вяртлі́вы ’вёрткі’ (Жд., 3), укр. вертливий, рус. вертлявый ’тс’, арханг. вертливый ’ненадзейны, нясталы, зменлівы’, ст.-рус. вертливый ’тс’ (з XIII ст.), славен. vrtljìv ’які абарачаецца’, серб.-харв. вр̀тљив ’тс’; ’жывы, рухомы’; ’ветраны, несур’ёзны’, макед. вртлив ’які абарачаецца, нясталы’, балг. врътлив ’тс’. Прасл. vьrt(ь)livъ < vьrtěti. Да вярцець (гл.).

Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр. вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр. верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус. вяц. вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус. вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус. мовы.

Вяртля́вы ’вёрткі’ (КТС), укр. вертлявий, рус. вертлявый ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьртьл‑ і суф. ‑ав‑ы. У бел. літар. мове, відаць, запазычанне з рус. мовы. Гл. таксама вяртлівы. Сюды ж вяртлявасць ’вёрткасць’ (КТС).

Вяртля́г ’вал (сена)’ (гом., Мат. Гом.). Вузкарэгіянальнае ўтварэнне ад вярцець (гл.). Суф. ‑ʼаг, магчыма, з прасл. ‑agъ (як krčagъ; гл. ЭИРЯ, 2, 39; Слаўскі, SP, 1, 65).

Вярто́к ’вяроўка ці скручаны дубец, якім прымацоўваецца аглобля да саней; заварацень’ (навагр., Нар. сл.), рус. верто́к ’паварот’, урал., валаг. вертка дать ’зрабіць рэзкі паварот’; ’улізнуць, ухіліцца ад чаго-небудзь’. Бел. лексема — самастойнае ўтварэнне ад вьрт‑ъкъ. Да вярце́ць (гл.).

Вярту́н ’жвавае дзіця’ (Жд., 3); ’непаседа, дураслівец’ (БРС, Шат.); ’вяртлявы чалавек’ (Бяльк.); ’від жука з сямейства Gyrinidae’ (БРС, КТС); ’турман’ (БРС); ’від хваробы хваіны’ (БелСЭ); ’вір’ (КТС). Укр. вертун ’вяртлявы чалавек, непаседа’; ’страказа’; ’турман’, вертуне́ць ’кажан’, рус. вертун ’непаседа’; ’кулік’; ’ручны свердзел’, свярдл. ’круглае палена’, кастр. ’мянёк’, урал. ’матыліца’, пск. ’ненадзейны, ветраны чалавек’, вертунок ’турман’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьрт‑ (vьrt‑) і суф. ‑ун (< unъ). Да вярце́ць (гл.).

Вярту́ты мн. л. ’баранкі’ (петрык., Мат. Гом.), відавочна, пранікла з укр. мовы; параўн. укр. бук. верту́т, верту́та ’рулет, від пірага з макам, тварагом, павідлам’. Не выключана рэгіянальнае ўтварэнне ад вярце́ць (гл.). Суфікс ‑ут‑ мае экспрэсіўны характар, прынамсі, у бел. гаворках (Сцяцко, Афікс. наз., 70, 129).