Вэртэпа ’яселькі’ (Кольб.). Укр. верте́п ’тэатр лялек, у якім ігралі калядную містэрыю’, рус. верте́п (у Даля прыводзіцца толькі як паўдн.-укр.), польск. дыял. wertep ’тс’ (з усх.-слав. моў). Мабыць, ідэнтычнае па паходжанню з словам *vьrtьpъ ’пячора, круча, яр і да т. п.’ (параўн. бел. вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’, ве́рцеп ’старарэчышча з вірам’ (Яшк.), укр. верте́п, верте́па, рус. верте́п, верте́па). Паводле падання, Хрыстос нарадзіўся ў пячоры. Параўн. Брукнер, 607.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)