Канёк, парны лік канькі́ ’прыстасаванне для язды па лёдзе’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), як і канёк ’вільчык’ (ТСБМ; лаг., бяроз. Шатал.), — дэмінутыўная форма ад конь (гл.). Названы паводле знешняга падабенства (Фасмер, 2, 316; Шанскі, 2 (К), 299; Слаўскі, 2, 446). Першая лексема запазычана з рус. мовы.
◎ Канёўнік ’хлеўны нячысцік, які займаецца коньмі і каровамі’ (Нік. Мяч.). Да конь (гл.), (аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 171). З такім жа суфіксам ‑ʼоў‑ка вядома слова памоўка ’дзве дошкі, прыбітыя да лат з абодвух бакоў франтона’ (драг., Нар. сл.).
◎ Ка́нік ’бітон з кранам для адстойвання малака’ (Сцяшк.), да кан, кана (гл.).
Кані́кулы ’перапынак у занятках для адпачынку навучэнцаў’ (ТСБМ), драг. каніку́лэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). Відавочна, запазычана з польск. kanikuła ’спякота’ і старое значэнне ’канікулы’, якое з лац. canīcula ’малы сабачка’ (у выражэнні diēs caniculāres) — ад назвы сузор’я Малога Пса і таго перыяду, калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і (з 22 ліпеня да 23 жніўня) і стаіць гарачае надвор’е; па гэтай прычыне быў устаноўлены перыяд адпачынку ад заняткаў. Форма мн. ліку на аналогіі з суткі (Фасмер, 2, 180; Шанскі, 2 (К) 44).
Ка́ніна, ка́нка ’льняны саламяны або з гнуткіх галінак (абшытых палатном) абручык вакол галавы замужняй жанчыны пад хусткай, на які накручвалі валасы’ (Маш.; слонім., Шн.; Тарн., Сакал.). Да тканіца < тканка (Помн. этнагр., 135).
Кані́стра ’плоскі бак з герметычнай накрыўкай для захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ). З ням. Kanister < лац. canistrum ’плеценая з чароту карзіна’ < ст.-грэч. κάνιστρον ’тс’ < κάννα ’трыснёг’. Запазычанне з перыяду Вялікай Айчыннай вайны (Шанскі, 2 (К), 44).
Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр. ’салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.
Кано́плі ’расліна Cannabis sativa L.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.; навагр. Жыв. сл.; гродз., гом. брэст., Кіс.), канапля (Сержп., Грам., Яруш.; віц., маг. Кіс.), кыноплі́, канаплі́ (Бяльк.; Шат.), калопня, калапні ’тс’ (Яруш.; гродз., мін. Кіс.). Укр. конопля, рус. конопля, польск. konopie, каш. ku̯ónopla, н.-луж. konopje, в.-луж. konopje, чэш. konopě, славац. konope, славен. konóplja, серб.-харв. ко̀нопља, макед. коноп, балг. коно́п(ье). Прасл. konopja, konop(j)ь. Да інда-іран. *kana‑ ’насенная’. У якасці еўрапейскага культурнага слова выкарыстана форма *kana‑pus‑ ’мужчынскія каноплі’ (параўн. ст.-інд. púmān ’мужчына, самец’) > ’каноплі ўвогуле’, а для ’мужчынскай каноплі’ ўжывалася словаскладанне *pus‑kana > слав. poskonь (бел. і плоскуні). Больш падрабязна агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 312; Слаўскі, 2, 423–426; Трубачоў, Эт. сл., 10, 188–193).
Кансе́рвы, размоўн. кансе́рва (адз. лік) ’прадукты харчавання, расфасаваныя ў герметычную тару’ (ТСБМ). Відавочна, з польск. konserva ’тс’ (XIX ст.), якое з італ. conserva ’захоўванне’ < conservare ’захоўваць у добрым стане’ < лац. cōnservāre ’захоўваць, берагчы’ (Слаўскі, 2, 428–429). Літаратурная форма ў мн. ліку — з рус. мовы.
Канстыту́цыя ’асноўны закон дзяржавы’, ’будова арганізма, склад цела’ (ТСБМ) кансцітуцыя (Яруш.). Ст.-бел. конституция, констытуция, констытуцыя ’укладанне, устанаўленне’ (XVI ст.), са ст.-польск. konstytucja, якое з лац. cōnstitūtiō ’устанаўленне’, ’арганізацыя, стан’ (Слаўскі, 2, 431; Булыка, Запаз., 167).