Кані́кулы ’перапынак у занятках для адпачынку навучэнцаў’ (ТСБМ), драг. каніку́лэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). Відавочна, запазычана з польск. kanikuła ’спякота’ і старое значэнне ’канікулы’, якое з лац. canīcula ’малы сабачка’ (у выражэнні diēs caniculāres) — ад назвы сузор’я Малога Пса і таго перыяду, калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і (з 22 ліпеня да 23 жніўня) і стаіць гарачае надвор’е; па гэтай прычыне быў устаноўлены перыяд адпачынку ад заняткаў. Форма мн. ліку на аналогіі з суткі (Фасмер, 2, 180; Шанскі, 2 (К) 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)