Тка́нка ’вышытая чырвонымі ніткамі павязка на галаву’ (Нас.), ’паласатая тканіна’ (кругл., ЛА, 4), ’вытканая хусцінка’ (Сл. Брэс.), ’галаўны ўбор з тонкага абруча, абшытага тканінай’ (Касп.), ’пасма льну, якая ўплятаецца ў косы (маладой на вяселлі) замужнімі жанчынамі’ (Бяльк.), ’жаночы галаўны ўбор падчас вяселля; карона маладой са стужак, караляў і штучных кветак’ (Тур.), ’павязка пад чапец, вянок’ (Сержп. Грам., Тарн.), сюды ж тка́льніца, тка́ніца, тка́ныця, ка́ныця ’валік для прычоскі’ (Сл. ПЗБ), тка́ныца, ка́ніця ’дэталь галаўнога ўбору замужняй жанчыны: туга скручаны кусок палатна або шнурок, завязаны вакол галавы, на які закручвалі валасы, а наверх надзявалі чапец і намітку; можа быць і ў выглядзе драўлянага абруча’ (Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. тканка ’тонкая тканіна, сетачка, карункі’, ’вышываная галаўная павязка з рознакаляровымі махрамі’ (1516 г., КГС; Ст.-бел. лексікон), тканица ’тс’ (КГС). Параўн. укр. тка́нка ’тонкая матэрыя; жаночае ўпрыгожанне з караляў і пярлінаў’, ст.-польск. tkanka ’стужка з дэкаратыўнай тканіны, што ўжывалася для аблямоўкі адзення’, чэш. tkadlicě, tkanice ’тканая стужка’. Вытворныя ад тканы, ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)