Дылёўка ’тоўстая дошка’. Гл. ды́ля.
Ды́лі ’калі’ (Касп.). Няясна.
Дыліжа́нс ’дыліжанс’ (БРС). Праз рус. дилижа́нс ’тс’ з франц. diligence ’тс’ (< voiture de diligence). Гл. Фасмер, 1, 514–515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 121.
Ды́ля ’адна з дзвюх рам варштата’ (Сцяц.), ’тоўстая дошка’ (БРС, Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.; Шатал.: дыль). Запазычанне з польск. dyl ’бэлька, брус, распіленае ўздоўж бервяно; тоўстая дошка’. Параўн. ст.-бел. дыль, дылъ ’тоўстая дошка’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103). Польск. слова з ням. Diele (параўн. Слаўскі, 1, 185). Вытворныя: ст.-бел. дилеванье, дылеванье, дылованье, дылеваный, одылеваный (Булыка, там жа), бел. дылёўка ’тоўстая дошка’ (гэта апошняе ці не з польск.?; параўн. польск. dylować, dylowanie).
Дым ’дым’. Рус. дым, укр. дим, польск. dym, серб.-харв. ди̏м, балг. дим, ст.-сл. дымъ. Прасл. *dymъ. Роднасныя: літ. dū́mai, лац. fūmus, ст.-інд. dhūmá‑s ’дым’, ст.-грэч. θυμός ’дух (бодры)’. Агляд форм у Фасмера, 1, 558; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 203 (з літ-рай). Прасл. характар мае бел. дымі́ць (гл. Трубачоў, там жа, 202: пад *dymiti), але бел. дыме́ць, здаецца, лакальнае ўтварэнне.
Ды́мба ’высокі, нязграбны чалавек’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з літ. dìmba ’хто высокі’ (так Сл. паўн.-зах.).
Ды́мніца, назва расліны (БРС) = рус. дымя́нка; таксама ’курная хата’ (Касп.), ’дымаход, ляжак’ (Бяльк.). Утварэнне прасл. характару суфіксам *‑ica ад прыметніка *dymьnъ (*dymьnica; агляд форм і семантыкі ў слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 203–204).
Дынаміт ’дынаміт’ (БРС). Рус. динами́т, укр. дунамі́т. Назва, якую прыдумаў вынаходнік дынаміту Нобель на аснове грэч. δύναμις ’сіла’ і якая зрабілася міжнароднай. Параўн. ням. Dynamit, франц. dynamite. Гл. Фасмер, 1, 515 (дадатак Трубачова); Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 122.
Ды́нда ’гультай’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dìnda ’тс’. Параўн. ды́ндаць ’хадзіць без справы’, якое ўзята з літ. dìnduoti (Сл. паўн.-зах.).
Ды́ні ’пахвіны’ (Сл. паўн.-зах.). Гэту лексему можна лічыць рэліктам на бел. глебе прасл. *dymę (р. скл. *dymene). Параўн. у Трубачова, Эт. сл., 5, 202 (без бел. матэрыялу): чэш. dymě ’пах’, в.-луж. dymjo, польск. dymię, серб.-харв. dimje, ст.-рус. дымѣ. У бел. мове ўзнікла новая форма — *dynʼa (магчыма, з *dymʼa > *dymja > *dymnʼa > *dynʼa).