Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прафа́н ’недасведчаны ў якой-небудзь галіне чалавек’ (ТСБМ). Крыніца слова ў лац. profānus ’неазнаёмлены; непасвячоны; які знаходзіцца па-за святыняй’, якое ад pro‑ ’перад’ і fānum ’асвечанае месца, храм’. У сучасных мовах з франц. profane ’асоба, якая не належыць да клану артыстаў’, распаўсюджана ў артыстычным жаргоне (Банькоўскі, 2, 779).

Прафе́сар ’вышэйшае вучонае званне выкладчыка і супрацоўніка вучэбных устаноў’, ’вялікі знаўца чаго-небудзь’ (ТСБМ). Ст.-бел. професоръ ’настаўнік, прафесар’ (XVI–XVII стст.) праз польск. profesor (Булыка, Запазыч., 268); пасля, магчыма (але неабавязкова), праз рус. профе́ссор з ням. Professor, крыніца ў лац. professor ’публічны настаўнік’ ад profiteor ’адкрыта аб’яўляць (аб прадмеце сваіх заняткаў, аб сваёй спецыяльнасці)’ (гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780).

Прафе́сія ’род заняткаў, працоўнай дзейнасці, які патрабуе пэўнай падрыхтоўкі’ (ТСБМ). Ст.-бел. (XVII ст.) профессия, професия, проффесыя ’праца, занятак’ < польск. profesja < лац. professio (Булыка, Запазыч., 268). Сучаснае слова запазычана з заходнееўрапейскіх моў (параўн. франц. profession, ням. Profession) з лац. professio ’публічная заява, уласна афіцыйная заява аб сваім званні; род заняткаў’ праз польск. або рус. (профе́ссия) пасрэдніцтва, гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780. Прыметнік прафесі́йны з польск. profesyjny (Гіст. лекс., 260).

Прафі́т ’прыбытак, польза’ (ТСБМ), про́фіт ’харчаванне’ (Гіст. мовы, 2, 264), дыял. прахві́т, про́хвіт ’мізэрнае штодзённае харчаванне’. Калі браць пад увагу акцэнтуацыю, то запазычанне адбывалася двума шляхамі: праз рус. профи́т (> прафіт, прахвіт) і польск. profit (профіт, прохвіт). Крыніца слова ў франц. profit ’прыбытак’, якое ўзыходзіць да лац. profectus, дзеепрым. ад proficere ’ісці на карысць’ (Голуб-Ліер, 395; Банькоўскі, 2, 780–781).

Прах ’цела чалавека пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’пыл’, ’зямля; пагібель’ (Нас.), ’гніллё’ (Ян.), ’мноства, шмат’ (ТС), пра́хі ’малаздольныя, гультаяватыя пачаткоўцы-нячысцікі, якія служаць на пабягушках у іншых нячысцікаў’ (Нік., Няч.). Запазычанне з ц.-слав. прахъ замест усх.-слав. порохъ (гл. Фасмер, 3, 355; ESJSt, 12, 697). Адносна шляхоў запазычання гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 61; Цыхун, Зб. памяці Талстога, 418. Значэнне пра́хі выводзіцца з ’мелкі, дробны’. Ускосная семантычная аналогія ў чэш. prachy ’грошы’, першапачаткова — ’дробныя грошы’ (гл. Махэк₂, 478). Паводле Нікіфароўскага (Нік., Няч., 33), эўфемізм да слова чэ́рці (гл. чорт), параўн. чэш. дыял. prachél ’чорт’. Значэнне ’мноства’ на базе значэння ’пыл’ (’многа, як пылу’). Відаць, не звязана з н.-луж. prach ’толькі што, якраз’, адносна якога гл. Шустар-Шэўц, 2, 1148. Далей гл. порах.

Праха́дзка ’прагулка, шпацыр’, ’дарога’ (Мядз., Нас.), прахо́жка (Нас.), прахо́дка ’прагулка’ (брагін., Шатал.), праха́джваць ’прагульвацца’ (узд., Сл. ПЗБ). З польск. przechadzka ’прагулка’ (Кюнэ, Poln., 90), przechadzać się ’прагульвацца, прахаджвацца’. Прахо́жка, прахо́дка, прахо́джваць адаптаваныя да адпаведных прахадзі́ць, прахо́джвацца.

Прахажа́й ’прайдзісвет, хлус’ (Нас.). Дэрыват ад прахо́жы < прахадзі́ць з суф. ‑ай. Аб словаўтварэнні гл. Сцяцко, Афікс. наз., 23.

Прахажа́к ’прахожы’ (паст., Сл. ПЗБ). Дэрыват ад асновы прахож‑ (параўн. прахо́жы) з суф. ‑ак, відаць, пад уплывам міна́к ’тс’. Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 24.

*Прахалды́кнуць, прохалды́кнуць ’праглынуць’ (ТС). Фармальных адпаведнікаў слову няма. Відаць, нейкая кантамінацыя. Частку кораня хал‑ можна звязаць з рус. ха́лкать ’прагна глытаць’, якое, паводле Ільінскага, мае гукапераймальнае паходжанне (гл. Фасмер, 4, 218), параўн. і ўкр. прохала́вкнути ’праглынуць з прагнасцю’, адкуль можа выводзіцца і гукапераймальнае *халдык, параўн. кульдыкаць ’невыразна гаварыць’, кулды́к (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), што імітуе перакульванне і пад.

Прахало́да ’свежасць паветра’, про́халадзь ’халадок, умераны холад’ (ТСБМ). Укр. прохоло́да, рус. прохла́да ’тс’ (< ц.-слав. прохладъ ’прахалода, свежасць’; гл. Фасмер, 3, 385). Дэрыват з суф. ‑а ад прахалодаць ’астыць’, параўн. укр. прохолодати. Далей да холад, параўн. ахало́на (гл.).