Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прысво́йтацца ’асвойтацца, прывыкнуць’ (ТС). Гл. асво́йтвацца.

Прысвя́так ’невялікае свята пэўнай вёскі ў гонар святога, у імя якога пабудавана царква’; ’перадсвяточны дзень’ (ТСБМ, Касп., Шат., Стан.), пры́святак, пры́светок, пры́сʼеток, прэ́святок, пры́свято ’невялікае рэлігійнае свята’ (Нар. сл., Сл. ПЗБ), прысвя́то ’тс’ (Скарбы). Укр. при́святок ’невялікае свята’. Прафіксальна-суфіксальны дэрыват ад свя́та (гл.).

Прысе́брыцца ’прымазацца, прыстаць збоку да чаго-небудзь ці якой-небудзь справы і нешта атрымаць ад гэтага’ (Нас., Янк. 3.), прысе́рбіцца ’тс’, прысябры́цца ’прысуседзіцца’ (Байк. і Некр.), ’паддобрыцца’ (Сл. Брэс.), прысябрава́цца ’падсесці’ (шальч., Сл. ПЗБ). Рус. паўн.-зах. присе́бри́ться, приси́бриться ’далучыцца, прысуседзіцца’; укр. присе́рбитися ’прысуседзіцца, прымазацца, прычапіцца’. Прэфіксальны зваротны дзеяслоў ад ся́бар, ся́бра (гл.).

Прысе́дак ’застаронак для снапоў, мякіны’ (калінк., Нар. сл.). Няясна; магчыма, з *пры‑асе́так, гл. асе́ць, прыасётак.

Прысе́й-бо́гу ’так, праўда’ (ТС), пры́сей богу ’далібог’ (жыт., Жыв. сл.), при́сʼаші Богу ’тс’ (іван., Арк.). Укр. палес. присейбо̂́ ’тс’, валын. при́сель‑бу, присі‑бо́, при́сяй Бо́гу, прі́зь Бо́гу ’тс’. Алегравая форма словазлучэння прысягаю Богу (гл. Цыхун, Зб. памяці Талстога, 422), магчыма, прысягнуўшы Богу, параўн. чэш. přisámbohu ад přisáhám Bohu (Махэк₂, 535; Голуб-Копечны, 301; ЕСУМ, 4, 579).

Прысе́к ’ніжняя частка калоднага вулея’ (ТС). Нулявы дэрыват ад прысяка́ць. Гл. сячы́.

Прысе́лле ’паселішча’; ’жыллё; прыстанішча’ (Байк. і Некр., Шат., Яруш.), ’ваколіца’ (лаг., Жд. 2), прысёлак, пры́сёлок, прысёла ’выселак, хутар’ (Клім., Жд. 2, ТС). Да сяло́, параўн. рус. присе́лье, присе́ло, присёлок укр. присі́лок, приси́лля і пад.

Прысе́нак ’першы пакой ад уваходу ў дом (atrium)’ (Карскі, Труды), прысенак ’ганак; тамбур’ (Ласт.), толькі мн. л. прысе́нкі ’крыты ганак’ (Нас.), прысе́нцы ’ганак’, прысёнак, мн. л. прысе́нкі, прысе́нцы ’першыя, знешнія, уваходныя сенцы’ (Ласт.). Да се́ні, се́нцы (гл.), параўн. рус. дыял. присе́нок ’прыбудаваныя да хаты сенцы або камора ў сенцах; прыбудова да хлява, пуні’, присе́нки ’тс’, укр. присі́нок, присі́нки, присі́ння ’прыбудова; ганак; ганак са стрэшкай на двух слупках’, польск. przysionek ’прыхожая’.

Прысе́сць, про́сясць, про́сяць, про́сізь ’палатно, натканае за адзін прыём; палатно, складзенае ў выглядзе гармоніка’ (віл., чэрв., пух., іўеў., шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. прасе́сць.

Прысіві́ць ’забяліць малаком’ (узд., Жд. 3; полац., Нар. лекс.). Да сіві́ць, сівы́ (гл.).