Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трулі́ць ‘маніці, хлусіць’ (Вушац. сл.), ‘гаварыць няпраўду, выдумляць’ (докш., Бел. дыял. 2), ‘нешта вярзці, невыразна гаварыць (пра п’янага)’ (полац., Нар. лекс.). Гукапераймальнае, параўн. польск. trulać ‘курлыкаць, трубіць (пра голас жураўля і гусі ў палёце)’, рус. трум‑трум ‘голас жураўля’.

Тру́ля ‘марудны чалавек, маруда’ (лід., Сл. рэг. лекс.). Няясна; можна параўнаць з укр. дыял. труля́ти ‘штурхаць’ (гл. туляцца) або з лат. truls, абл. truļš ‘тупы, тупалобы’, ‘атупелы (погляд)’, якое з trult ‘станавіцца тупым’, trulēt ‘тс’ < і.-е. *treu‑ (Каруліс, 2, 431).

Трум ‘месца паміж палубай і днішчам судна, прызначанае для розных грузаў’ (ТСБМ, ТС), ‘спод карабля’ (Некр. і Байк.). З рус. трюм ‘тс’, запазычанага ў Пятроўскую эпоху (спачатку як рюим) з нідэрл. het ruim, або са скарочаным пэўным артыклем ʼt ruim, in ʼt ruim ‘памяшканне’ (Фасмер, 4, 112; Чарных 2, 267; ЕСУМ, 5, 663).

Тру́маль ‘бітон’, труме́льчык ‘невялікая каструлька з ручкай’ (Рэг. сл. Віц.), сюды ж тру́ман ‘паходны жалезны чайнік з вузкім горлам і шырокім дном’ (Касп.), параўн. рус. пск. тру́моль ‘чайнік’. Рэгіянальнае запазычанне з лат. trumulis ‘конусападобны бляшаны сасуд, банка, чайнік’, якое з н.-ням., усх.-фрыз. trummel ‘барабан або іншы шумны моцны інструмент’, ‘бляшаны посуд з накрыўкай’, параўн. таксама ням. Trommel ‘барабан, вал, цыліндр’, якія праз ст.-в.-ням. trumba ўзыходзяць да франц. trompe ‘медны рог, труба, горн’ < італ. tromba ‘труба’ (Каруліс, 2, 432; Васэрцыер, 237).

Тру́мкаць ‘трэнькаць, брынкаць струнамі’ (Шат., Сцяшк. Сл., Кал., ТС), ‘невыразна вымаўляць’ (ТС), тру́мкало ‘балбатлівы чалавек’ (Руб.), ‘скрыпка’ (ТС), сюды ж таксама перан. тру́мкаць ‘плакаць, ныць, раўці’ (ТС). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. тру́мкати ‘пачынаць плакаць (пра дзіця), безупынна ныць, балець (пра стомленыя ногі)’, параўн. таксама імітатыў трум‑трум (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 86). Гл. таксама трумцець, трымцець.

Трумо́ ‘высокае стаячае люстра’, ‘прасценак, упрыгожаны арнаментам’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), труно́ ‘тс’ (Мат. Гом.). Запазычана з франц. trumeau ‘прасценак паміж войнамі’, ‘люстра, якое займае гэту прастору’, праз рускае трюмо́ ‘тс’; французскае слова выводзяць са ст.-в.-ням. drum (памянш. drumel) ‘кавалак, частка’, ‘канец, асколак’, параўн. англ. thrum ‘шляк, беражок, аблямоўка’ (Фасмер, 4, 112; Даза, 731; Васэрцыер, 237). Запісаная дыялектная форма нейкім чынам збліжана з труна (гл.), магчыма, праз польск. trumna ‘труна’.

Трумце́ць ‘дрынкаць, бразгатаць, ляскатаць’ (Шат.), ‘пра паколаты гаршчок, збан, калі па іх стукаюць, правяраючы, ці цэлыя’ (Сцяц. Сл.); відаць, у пераносным сэнсе ‘дранцвець, нямець’: ногі трумцяць, як бы адлятаюць (іўеў., Сл. ПЗБ), ‘бурчэць, выказваць незадавальненне’ (Рэг. сл. Віц.). Фанетычны варыянт да трымцець, гл.

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Труні́ць ‘злосна жартаваць, іранізаваць’ (Юрч. СНС, Рэг. сл. Віц.), труне́нне ‘злосныя жарты’, сюды ж тру́ніт (г. зн. тру́нетый) ‘чалавек, над якім даўно жартавалі’, трунёмшы ‘звыклы жартаваць’: ён ня можыць мінуты пражыць ні трунёмшы, труне́ннік ‘той, хто злосна жартуе’ (Юрч. СНЛ). З рус. труни́ть ‘тс’, подтру́нивать ‘тс’, якое Фасмер (4, 109) суадносіць з труд (з пытальнікам). Варбат (РР, 1976, 6, 71–75) выводзіць дзеяслоў з першаснага труни́ть ‘брудзіць, смеціць, церушыць’ (гл. трунне), што ўрэшце ўзыходзіць да *terti, гл. церці (Арол, 4, 108).