Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)