Труні́ць ‘злосна жартаваць, іранізаваць’ (Юрч. СНС, Рэг. сл. Віц.), труне́нне ‘злосныя жарты’, сюды ж тру́ніт (г. зн. тру́нетый) ‘чалавек, над якім даўно жартавалі’, трунёмшы ‘звыклы жартаваць’: ён ня можыць мінуты пражыць ні трунёмшы, труне́ннік ‘той, хто злосна жартуе’ (Юрч. СНЛ). З рус. труни́ть ‘тс’, подтру́нивать ‘тс’, якое Фасмер (4, 109) суадносіць з труд (з пытальнікам). Варбат (РР, 1976, 6, 71–75) выводзіць дзеяслоў з першаснага труни́ть ‘брудзіць, смеціць, церушыць’ (гл. трунне), што ўрэшце ўзыходзіць да *terti, гл. церці (Арол, 4, 108).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)