Трумо́ ‘высокае стаячае люстра’, ‘прасценак, упрыгожаны арнаментам’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), труно́ ‘тс’ (Мат. Гом.). Запазычана з франц. trumeau ‘прасценак паміж войнамі’, ‘люстра, якое займае гэту прастору’, праз рускае трюмо́ ‘тс’; французскае слова выводзяць са ст.-в.-ням. drum (памянш. drumel) ‘кавалак, частка’, ‘канец, асколак’, параўн. англ. thrum ‘шляк, беражок, аблямоўка’ (Фасмер, 4, 112; Даза, 731; Васэрцыер, 237). Запісаная дыялектная форма нейкім чынам збліжана з труна (гл.), магчыма, праз польск. trumna ‘труна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)