Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Том ’асобная кніжка са збору кніг’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. томъ ’тс’ (1598 г., КГС). Запазычана праз польск. tom ’тс’ з франц. tome ’тс’ < лац. tomus ’тс’, што ўзыходзіць да грэч. τομος ’частка, адрэзак, том’ ад τάμνω ’рэжу’ (Фасмер, 4, 75; ЕСУМ, 5, 595).

То́міць ’таміць, мучыць’ (навагр., Сл. ПЗБ). Гл. таміць.

То́мка ’баркун, Melilotus officinalis Lam.’ (Нас., Байк. і Некр., Кіс.), ’духмяны каласок; гандлёвая назва баркуну’ (Стан., Дэмб. 1, Мат. Гом.), ’баркун, Melilotus officinalis Desr.’ (Касп.), то́мка пахучая ’духмяны (пахучы) каласок, Anthoxanthum odoratum L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), ’пахучакаласнік’ (Кіс.). Укр. дыял. то́мка ’пахучая трава Anthoxanthum odoratum L.; зуброўка, Hierochloë australis’, чэш., славац. tomka ’гладун, Herniaria glabra’, а таксама чэш., славац. tomkovice ’гладун’, рус. дыял. томкови́ца ’тс’. З польск. tomka, tonka ’пахучая трава’, у тым ліку ’пахучы каласок’, ’зуброўка’ і інш., дыял. tomkownica ’гладун’, якія сталіся вынікам скарачэння і дээтымалагізацыі tonkobób, tonkowy bób, tonkowe ziarna ’экзатычная расліна Dipteryx’. Назва скалькавана з ням. Tonkabohne ’боб тонкі’, Tonkabaum ’Dipteryx odorata’ — назвы расліны, чые размолатыя плады дадавалі да табакі дзеля прыемнага паху. Польск. tonka, tonka wonna трансфармавалася ў tomka і было перанесена на іншыя пахучыя расліны (Махэк₂, 647; Слупскі, Зб. памяці Слаўскага, 352–353; ЕСУМ, 5, 596).

То́мна ’цёмна’ (Бяльк.). Няясна; дэафрыкатызацыя цёмна (пад рускім уплывам)? Параўн. цьма/тма, гл.

То́мны ’стомлены’ (калінк., Сл. ПЗБ, Ласт., Пятк. 2), то́мный ’хворы, нездаровы (пра жывот, цела і пад.)’ (Бяльк.). Вытворныя ад тамі́ць, гл. Сюды ж то́мна ’цяжка (ад душэўных перажыванняў’) (Бяльк.), ’кепска, дрэнна’ (Касп.), ’кепска, млосна’ (Стан.), то́мнасьць ’стомленасць’ (Мат. Гом.), ’томнасць, знямога ад душэўных перажыванняў’ (Бяльк.).

Тон 1 ’гук пэўнай вышыні’, ’характар гучання’, ’стыль паводзін’, ’колер, афарбоўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Ton, франц. ton, англ. tone, якія паходзяць ад лац. tonus ’тон, гук’ < грэч. τόνος ’тон, лад; націск’ (Фасмер, 4, 76; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 484; ЕСУМ, 5, 596).

Тон 2 ’вір, затон’ (ТС): як у тон утанула ’прапала’ (калінк., Арх. ГУ; ТС), сюды ж то́на ’адзін заход пры лоўлі рыбы сеткай’ (Мат. Гом.). Зваротны дэрыват ад тануць (гл.) з наступнай канкрэтызацыяй значэння, гл. тонь 1, тоня.

Тона ’адзінка вагі, роўная 1000 кілаграмаў’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tonne, англ., нідэр. ton ’тс’ < франц. tonne ’тс’, першапачаткова ’вінная бочка’ < гальск. tŭnna ’мех для віна’. (Фасмер, 4, 77; ЕСУМ, 5, 597; Чарных, 2, 520; Голуб-Ліер, 493).

То́нба ’завала, засоў’ (Рам. 1, Нар. Гом.). Няясна.

То́нкі ’невялікі па шырыні, нятоўсты, вузкі’, ’далікатны’, ’дасціпны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Вруб., Федар. 4), то́нкій ’тонкі’ (Бяльк.), то́нкый (то́нкий) ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), то́нак (то́нък) — кароткая форма прым. (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. то́нкий ’тонкі’ (XV ст., КГС). Укр. тонки́й, рус. то́нкий, стараж.-рус. тънъкыи, тьнъкыи, польск. cienki, в.-луж. ćeńki, н.-луж. śańki, чэш., славац. tenký, славен. tánek, tènek, серб.-харв. та̀нак, та̀нан, балг. тъ́нък, макед. танок, дыял. тонок, ст.-слав. тьнъкъ. З прасл. *tьnъkъ (усх.-слав. *tъnъkъjь з асіміляцыяй рэдукаванага ў першым складзе), першапачаткова *tьnъ ’тонкі’. Роднаснае да ст.-інд. tanúḥ (tánukaḥ) ’тонкі’, асец. t‘œnœg ’доўгі’, літ. tę́vas ’тонкі’, ст.-в.-ням. dunni ’тс’, ст.-англ. þynne ’тс’, нова-в.-ням. dünn ’тс’, англ. thin ’тс’, ст.-ірл. tan(a)e ’тс’, лац. tenuis ’тс’, грэч. τανύς ’доўгі’, ταναός (< ταναϝός) ’выцягнуты’. І.‑е. *tenus з першасным значэннем ’расцягнуты, падоўжаны’ ўтворана ад кораня *ten‑ ’напінаць, цягнуць’ (Фасмер, 4, 76–77; ЕСУМ, 5, 596–597; Чарных, 2, 250; Брукнер, 62; Махэк₂, 640).

То́нчыць ’патанчаць’ (Нас.), тонча́ті ’худзець, марнець’ (беласт., Сл. ПЗБ), то́нчаті ’тс’ (Вруб.), сюды ж то́нчык, то́ньчык ’тонкі канец бервяна, жардзіны і інш.’ (ТС). Да то́нкі, гл.