◎ Нізве́сна ’невядома’ (Ян.). З рус. неизвестно ’тс’.
◎ Нізвіня́ць ’прабачаць’ (Грыг.). Дэфармаванне рус. извинять ’тс’.
◎ Нізіперніца ’гусялапка’, нізіпернік ’тс’ (Сл. ПЗБ), нізіпірсь‑ ніца ’тс’ (Бяльк.), нізыпірніца ’тс’ (Сл. ПЗБ), нізіперснік, нізіперсніца ’трыпутнік’ (Кіс.). Разам з нізіпірсніца ’нарыў’ (Сл. ПЗБ) узыходзіць да між(ы)перс(т)піца ’расліна (трыпутнік, гусялапка і інш.)’ і ’хвароба (нарыў, прэласць паміж пальцаў)’ (гл.).
Ні́зкі ’невысокі’ (Яруш., ТС), ні́зкі́ ’невысокі; нізінны; дрэнны па якасці’ (Сл. ПЗБ), укр. низьки́й ’невысокі’, рус. низкий ’тс’, польск. nizki ’тс’, чэш. nízký ’тс’, славац. nizky ’тс’, в.-луж., н.-луж. niski ’тс’, славен. nizek ’тс’; серб.-харв. ни̏зак ’тс’, макед. низок ’тс’, балг. ни́сък ’тс’ (< низък), низък ’нізкі (у маральных адносінах)’. Прасл. *nizъkъ, вытворнае ад *nizъ, гл. ніз. Прыватнае значэнне ’блізарукі’, параўн. нізкі на вочы (Сцяц., Жд. 1, Ян., ТС), нызкий на вочы (Клім.), параўн. укр. низький на очі, рус. низкий на глазы, літ. žemių, akių развілося, відаць, на базе ’той, які нізка схіляецца (каб разглядзець нешта)’.
◎ Нізну́ць ’парнуць вострым прадметам; раптоўна зашыцца’ (ТС), ’ударыць’ (Ян.). Гл. нізаць.
◎ Нікара́пла ’няўклюда’ (Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, зыходная форма літ. kerėpla ’нязграбная істота’; ні (< не?) мае, відаць, узмацняльнае значэнне.
Ні́каць ’хавацца ў кутках, схіляць галаву’ (Нас.), ’шукаючы, заглядваць усюды’ (круп., Нар. сл.; Касп.), ’выглядваць; хадзіць сюды-туды’ (Мат. Гом., Ян.), ’прыглядацца’ (Сл. ПЗБ), ’сланяцца па кутках, хадзіць без мэты’ (Шатал.), ’заглядаць, куды не просяць’ (Янк. 3.), ’сноўдацца без справы’ (Пал.), сюды ж нік ’зірк’ (Янк. 3.), укр. ника́ти ’хадзіць, бадзяцца, сноўдацца, усюды заглядваючы’, рус. ни́кать ’даваць нырца; хадзіць без справы, без мэты’, славен. nikati ’адмаўляць; нахіляцца’. Прасл. *nikati з першапачатковым значэннем ’схіляць галаву да зямлі, нахіляцца’ (Махэк₂, 399), роднаснае літ. nỹkti ’слабець, панікаць’, прус. neikaut ’бадзяцца, сноўдацца’ і інш. Мяркуецца, што трэба адрозніваць разгледжанае *nikati 1 ад nikati 2, прадстаўленага ў дзеясловах тыпу ўнікаць, рус. проникать і пад., роднаснага літ. įnikti ’горача ўзяцца за што-небудзь’ (Фасмер, 3, 74; Махэк₂, 399; Бязлай, 2, 223).
◎ Нікбіць ’губіць, нішчыць; ужываць на зло’ (Нас.). Няясна; зыходным здаецца назоўнік ⁺нікба ’знішчэнне, згуба’ ад нікнуць ’знікаць, гінуць’ (гл.).
◎ Ніква́ ’топкае балота, дрыгва’ (ТС). Вытворнае ад нікнуць ’гінуць, знікаць’ (гл.) паводле тыповай для назваў балот словаўтваральнай мадэлі, параўн. маква, багва і пад., сэнс — ’гіблае балота’.
Ні́кель. Запазычана праз ням. Nickel са швед. kopparnickel, nickel ад імя ўласнага Nikolaus, першапачаткова ’гном, падземны дух’ (Фасмер, 3, 74).