Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ні́бы ’быццам, як бы’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), нібы́ ’быццам, нібы’ (Бяльк.), нібу ’як быццам, нібы’ (ТС), укр. ні́би, польск. niby. З ні ў параўнальнай функцыі і бы (гл.), што функцыянальна адпавядае рус. как бы, чэш. jakoby і пад. (ESSJ SG, 2, 488). Больш частая форма нібыта, нібытта выводзіцца Карскім непасрэдна з дзеяслоўнай формы быць у спалучэнні з адмоўем і часціцай (Карскі 2-3, 85; 1, 245), у карысць чаго можа сведчыць і магіл. нібы́ццам ’быццам’ (Бяльк., Ян.), калі гэта не вынік кантамінацыі (нібы × быццам).

Нібына́мкі ’няважна, пляваць’ (Некр.). Паводле Карскага (2–3, 69), утворана пры дапамозе суфікса ‑кі, аднак зыходная аснова няясная: нібы нам?, параўн. нібы штоняважна, абыякава’, нам нібы што = нам усёроўна. Малаверагодная сувязь з польск. bynajmniej ’па меншай меры, ва ўсякім выпадку’, параўн. бынаймней, бынамней ’калі б, чуць-чуць; без патрэбы; чуць не’ (Нас.), якую, аднак, нельга не прыняць пад увагу, калі дапусціць пераробку канца слова як у няупамкі (гл.), тады з ⁺ж бынамней ’нічуць’.

Нібы́та ’быццам’ (Нас., Касп., Янк. 1), нібы́тта ’тс’ (Мат. Маг.; мсцісл., З нар. сл.). Гл. нібы.

Нібяды́ ’добра’ (Жд. 2). Спалучэнне адмоўя з т. зв. родным воклічу назоўніка бяда, параўн. такое бяды (Карскі 2-3, 410).