Вэ́соч ’вышыня’ (Клім.). Дыялектная форма (замест высоч) да слав. vysočь (: vysokъ ’высокі’). Але хутчэй вэсоч (*высоч) — гэта скарачэнне слова тыпу ўкр. височінь ’вышыня’, таму што вэсоч, здаецца, больш нідзе не сустракаецца.
Вэтава́ць ’помсціць’ (Нас.), павэтава́ць, адвэтава́ць. Запазычанне з польск. odwetować, powetować ’кампенсаваць’ (а гэта з ням. крыніцы; гл. Брукнер, 607). Іншага Паходжання ст.-бел. ветовати ’заяўляць вета, пратэставаць’ (Булыка, Запазыч., 61): < польск. wetować < лац. vetō, ‑are (Брукнер, 607–608).